Клю́шня1 ’канечная частка ножкі ракападобных’ (ТСБМ, Касп., Сл. паўн.-зах., Яруш.). Мабыць, вынік кантамінацыі клешня (гл.) і клюка (гл.), ключка (гл.). Дублет клешня/клюшня адзначае Сл. паўн.-зах., 475, 486. Магчыма, таксама ўплыў літоўскіх форм, сярод іх у першую чаргу літ. klìšes ’клюшні’. Аддзяліць бел. клешня і клюшня ад літ. klìšes немагчыма (семантычная тоеснасць і фармальная блізкасць). Спробы рэканструяваць балта-славянскія формы kliša/kleša беспадстаўныя (Слаўскі, 2, 228), паколькі рэальна існуюць толькі ўсходнеславянскія формы, арэальна арыентаваныя на балтыйскую тэрыторыю. У значэнні ’клюшня рака’ або ’нага, сцягно’ рускія формы зафіксаваны толькі ў Смаленскім, Бранскім арэалах (не лічачы тэрыторыі новага засялення). Таксама нельга прызнаць верагоднай гіпотэзу аб паходжанні клешня ад kleščьna (гл. клешчы) (Бернекер, 1, 517; Фасмер, 2, 249; ЕСУМ 2, 463; Трубачоў, Эт. сл., 10, 23). Паколькі частка гэтых форм мае значэнне ’клешчы’, не выключана кантамінацыя клешня і клешчы (гл.).

Клю́шня2 ’тазасцегнавы сустаў’ (Сл. паўн.-зах.). Верагодны балтызм. Параўн. літ. kùlšnis ’шчыкалатка’ (там жа, 486). Больш надзейная крыніца літ. klíšė ’нага’ або іншая балтыйская, блізкая да яе. Параўн. таксама клюшня1.

Клю́шня3 ’палкі, да якіх прымацаваны крыллі сеці’ (Мат. АС). Гл. клюшня1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)