Кле́шчы1 ’шчыпцы для захопу і трымання гарачага металу, абцугі’ (ТСБМ, Бяльк., Мат. Гом., З нар. сл., КЭС, лаг., Жыв. сл., Нар. словатв., Яруш.). Укр. кліщі, рус. клещи ’тс’, балг. клещи, макед. клешти, серб.-харв. кле́шти, славен. kléšče ’тс’, польск. kleszcze, чэш. kleště, славац. kliešte, в.-луж. kléšče, палаб. kleštă ’тс’. Прасл. klešči вытворнае ад klěskati (гукапераймальнае) (Махэк, Slavia, 28, 2, 268; Махэк₂, 255) або да klěščiti ’сціскаць’ (Слаўскі, 2, 212). Гэтыя версіі ў аднолькавай меры ненадзейныя (параўн. Трубачоў, Эт. сл., 10, 21–22).

Кле́шчы2 ’драўляная частка хамута’ (ТСБМ, Мат. Гом., Бяльк., Касп., Маш., Маслен., КЭС, лаг., Сержп. Грам.). Гл. клешчы1.

Кле́шчы3 ’ўключыны’ (Мат. Маг.). Гл. клешчы1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)