Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Жанчы́на. Улічваючы націск і абмежаванае літаратурнае пашырэнне, хутчэй не ўласна бел. утварэнне (жен‑ък‑а, женък‑ина), а запазычанне са ст.-польск. ženczyzna (з XV ст. ад *žen‑ъk‑izna) з пазнейшым падвядзеннем пад усх.-слав. мадэль без ‑z‑ (параўн. ojczyzna, айчына, гл.). Параўн. ст.-укр. (канец XVII ст.) женщизна (Цімчанка).

Жапе́нь ’кароткая палка’ (Бяльк.). Магчыма, утворана з суфіксам ‑ень (як лядзень ’ільдзіна’), аб якім гл. Сцяц., Бел. нар. сл., 152. Аб аснове гл. Фасмер (2, 61–62), аднак яе пашырэнне ў бел. мове фіксуецца абмежавана.

Жар ’гарачае вуголле’, ’страснасць, заўзятасць’, разм. ’спёка’, ’гарачка’ (ТСБМ). Рус., укр. жар, польск. żar ’тс’, памор. žωr ’гарачае вуголле’, чэш. žár, славен. žâr ’гарачае вуголле’, ’полымя’, ’зарыва’, славац. žiar ’напал’, ’ззянне’, в.-луж. žar ’гарачае вуголле’, ’спёка’, ’заўзятасць’, балг., макед. жар, серб.-харв. жа̑р ’тс’. Ст.-рус. (XII ст.) жаръ ’вуголле, полымя’. Параўн. ст.-сл. жеравъ ’распалены’, ц.-слав. пожаръ ’пажар’ (Міклашыч, Lex. paleosl.). Прасл. *žarъ ’гарачае (тлеючае) вуголле, спёка (ад яго)’, адкуль развіліся іншыя пераносныя значэнні. Значэнне ’гарачка’ магло ўзнікнуць і ў сувязі з уяўленнямі аб чырвоным колеры (параўн. жара, жары). Прасл. *žarъ < *gērъ, што звязана з гарэць (гл.), мае паходжанне з і.-е. кораня *g​her‑ ’горача’; ст.-інд. gharma ’гарачае вуголле, спёка’, ст.-грэч. θερμός, лац. formus ’цёплы’ і інш. Гл. Фасмер, 2, 35; Скок, 1, 592–593; Траўтман, 79; Покарны, 1, 495 (з літ-рай).

Жара́ ’спёка’, ’гарачка’ (ТСБМ). Рус. жара́ ’спёка’, укр. жара́ ’тс’, ’гарачка’, славац. žiara ’зарыва, гарачыня’, серб.-харв. жа̀ра ’спёка’, славен. žara ’сып’. Варыянт ж. р. ад таго ж кораня, што жар (гл.). Не выключана, што значэнне ’гарачка’ ўзнікла на базе значэння ’сып’, вядомага шэрагу моў. Гл. жа́ры.

Жарабя́, жарэ́бны, жарабо́к, жарабе́ц, жарэ́бчык, жаро́бка і інш. Рус. жеребенок, укр. жеребʼя, польск. źrebię, в.-луж. žrěbjo, н.-луж. žrebje, палаб. zribą, zribă, чэш. hřibě, славац. žriebä, балг. ждребя, жребя, макед. ждребе, жребе, серб.-харв. ждре̑бе, славен. žrebè. Ст.-слав. жрѣбѧ, ст.-рус. жеребя ’тс’. Прасл. *žerbę ўтворана з суфіксам *‑ent‑ > *‑ę‑ ад асновы *žerb‑, і.-е. *gerbh‑/*g​uerbh‑/*g​reb‑ ’(Трубачоў, Происх., 53). Апошняе са значэннем ’плод, маладая жывёла, дзіця’ (Покарны, 1, 485) суадносіцца з грэч. βρέφος ’тс’; з слав. параўноўваюць таксама ст.-інд. gárbha ’чэрава, плод’, авест. garəva‑ ’тс’ (Трубачоў, Происх., 53; Фасмер, 2, 48). Скок (3, 673) далучае і супастаўленне з ням. Kalb ’цяля’; Махэк₂ (188) параўноўвае з герм. *xvelpa‑z (ням. Welf) ’шчаня’, хец. huelpi ’маладая жывёла’. Бенвяніст (Индоевр., 182) адзначаў, што падзел асноў I *g​er‑bh‑ і II *g​r‑ebh‑ адбыўся яшчэ ў і.-е., што і адлюстравалася ў санскр. і грэч. формах. Слав., натуральна, належыць да першай.

Жарало́ ’адтуліна (у зямлі, посудзе, дрэве, гармаце)’ (ТСБМ, Нас.), ’крыніца, вірыстае месца на рацэ, вокнішча ў балоце’ (Яшкін). Рус. дыял. же́ре́ло́ ’адтуліна ў розных прадметах’, паўд., зах. ’крыніца’, укр. джерело́ ’крыніца’, польск. źródło, н.-луж. žredło, чэш. zřídlo, славац. žriedlo, žrielo ’тс’, балг. жрело̀, ждрело̀ ’цясніна, крыніца’, серб.-харв. ждрело ’глотка’, ’цясніна’, ’адтуліна’, славен. žrélọ ’адтуліна, выхад з цясніны, рот (жывёлы)’, žerélo ’адтуліна (у печы, у вулеі)’. Ц.-слав. жрѣло ’голас’, ст.-рус. жрѣло, жрело ’голас’, жерело ’вусце’, ’голас’, ’горла’, ’крыніца’, ’дула’. Зыходная прасл. форма *žerdlo з першасным значэннем ’горла, глотка’, адкуль перанос на геаграфічны аб’ект, адтуліну ў нейкім прадмеце (параўн. ’рот’), а таксама ’голас’. Аналагічнае значэнне маюць балт. словы: ст.-прус. gurcle ’глотка, горла’, літ. gurklỹs ’зоб, адамаў яблык’, ’горла пасудзіны’, дыял. gurklė ’глотка’, лат. gurklis ’глотка, зоб’ (Траўтман, 89–90). І.‑е. корань *g​er‑ ’глытаць, глотка, зяпа’ (Покарны, 1, 474–475). Суфіксацыя мае балта-слав. характар, слав. назвы на ‑lo утварыліся з інструментальным значэннем (SP, 1, 103). Корань прадстаўлены таксама ў жэрці, горла, жарло (гл.). Сучаснае пашырэнне пераносных, у асноўным геаграфічных, значэнняў прасл. *žerdlo можа сведчыць у карысць гіпотэзы аб тым, што перанос адбываўся яшчэ ў прасл. перыяд, што вяло да семантычнага размежавання *gъrdlo і *žerdlo; месца *žьr(d)lo ў гэтай семантычнай групе няясна. На другасны характар прасл. значэння *žerdlo ’крыніца’ ўказваюць і яго суадносіны з koldędźь (гл. Мартынаў, Лекс. взаим., 67). Паводле Курынай (Этымалогія, 1967, 132), першаснае значэнне *žerdlo/*žьrdlo ’бяздонне’; яго першасны характар можна пастуліраваць для некаторых геагр. значэнняў, але не для лексемы ў целым. Курыловіч (L’apophonie, 230) тлумачыць і.-е. апафанічнае адрозненне *žerdlo і *žьrdlo.

Жа́ранікі ’смажаная бульба’ (Мат. Гом.). Параўн. рус. урал. жа́реньки ’смажаныя піражкі’. Ад дзеепрыметніка жа́раны < жарыць1 (гл.) з дапамогай суфікса ‑ік. Параўн. укр. варе́ник ’вараны піражок’. Гл. жаронка.

Жа́ратак ’жар у печы’ (Жд. 2, Шатал.). Рус. дыял. паўн. жера́ток, ’заглыбленне ў печы для жару’, жара́ток ’тс’, ’прысак’, н.-луж. žoratk, žoratki ’жар, прысак’, польск. żarzątek ’жар’, серб.-харв. жера́так памянш. ад жера ’жар’. Ст.-рус. жератъкъ ’прысак, сера, смага’, жаратъкъ, жаратникъ ’заглыбленне ў печы для жару’ (з XVII ст.), ц.-слав. жаратъкъ ’тс’, ст.-бел. («Александрыя» XVII ст.). Ваян (Gram. comp., IV, 702) тлумачыць як назоўнік, суадносны з прыметнікам на ‑ат‑ (паралельна з засведчанымі ў ст.-слав. утварэннямі на ‑av: жеравъ), утвораны з дапамогай ‑ъкъ. Аб пашырэнні слова ў паўн.-рус. гаворках і вар’іраванні гл. Дзярагін, Этимология, 1966, 177.

Жардаго́н ’гарэза’ (Касп.). Рус. калін. жерздогон ’рыбак, які ловіць рыбу пад ільдом, працягваючы жэрдкай невад з адной палонкі ў другую’. Ад першаснага вытворча-рыбацкага тэрміну, прадстаўленага ў рус., перанос на агульнаацэначнае абазначэнне чалавека.

Жарла́ты ’абжорлівы’ (Сцяшк. МГ). Мадэль з суфіксам ‑ат‑ указвае на словаўтваральную суадноснасць з жарло́ (гл.). Жарло < жерло < жьрло ’горла’, ’рот’, а жарлаты ’той, хто мае (вялікі) рот’, як вусаты ’той хто мае вусы’.