Прыклю́чыцца ’здарыцца’ (Ян., ТС), ’стаць, зрабіцца’ (светлаг., SOr, 39, 356), пріключы́цца ’тс’ (Бяльк.), прыключы́цца ’прыстаць (пра хваробу)’ (в.-дзв., мядз., Сл. ПЗБ); сюды ж аддзеяслоўныя назоўнікі з развіццём і пашырэннем семантыкі: пры́ключка ’прыгода’: ліха пры́ключкі шукае (Ян.), прыклю́чка ’падстава для папрокаў’ (шальч., Сл. ПЗБ). Ст.-бел. приключай ’выпадак’ (Ст.-бел. лексікон), приключение ’выпадковасць’ (Сл. Скарыны), укр. приключи́тися ’здарыцца’, при́ключка ’прыгода; падстава, нагода, прычына’, рус. приключи́ться, ст.-рус. приключитися ’адбыцца, здарыцца’, прыключаи ’выпадак’, по приключаю ’выпадкова’, приключение, приклучение ’выпадковасць’ (Сразн.), славен. prikljúčiti se ’далучацца; адбывацца’, балг. старое приключа се ’здараецца’, ст.-слав. приключити сѧ ’адбыцца, здарыцца’, по приключаю ’выпадкова’. Узыходзіць да прасл. *priklʼučiti (sę) < *klʼučiti (sę) з шэрагам значэнняў, рэалізаваных у славянскіх мовах (ЭССЯ, 10, 50), у тым ліку ’далучацца, злучацца’, параўн. ключ 4 (гл.). Гл. таксама Фасмер, 3, 364; ЕСУМ, 2, 468; БЕР, 5, 714, 715.
Прыкляка́ць ’кленчыць’ (Ласт.), прыклякну́ты ’прысесці ад удару, перапуду; прысесці на кукішкі’ (ЛА, 2), прыклякнуць ’тс’ (Нас.), ст.-бел. приклякати, приклякнути ’тс’. Апошняе, паводле Карскага (Труды, 311), “усвоено из польского”; параўн., аднак, кляк ’загнутая галіна ці корань’ (ТС) < прасл. *klęk, што не выключае самастойнага развіцця, параўн. кля́каць, кля́кнуць (гл.).
Прыкме́нь ’марыва’ (ТС). Суфіксальнае ўтварэнне ад прыкмеціць (гл.) з незвычайным семантычным развіццём.
Прыкме́ціць ’убачыць, звярнуць увагу; заўважыць; запомніць; намеціць’ (ТСБМ, Яруш., ТС), таксама з семантычным зрухам прикміэтилося ’здалося, падалося’ (Бес.). Сюды ж аддзеяслоўныя назоўнікі: прыкме́та ’адметная рыса, па якой можна пазнаць, вызначыць; у забабонных уяўленнях — рыса, з’ява, што прадвяшчае што-небудзь’ (ТСБМ, Янк. 2), прыкаме́та ’прыкмета’ (Мат. Гом.). Прэфіксальнае ўтварэнне ад кме́ціць ’заўважаць, разумець, цяміць’ (гл.), якое ў сваю чаргу працягвае прасл. *kъmětiti < kь‑ + дзеяслоў *mětiti (ЭССЯ, 13, 198; толькі з укр. адпаведнікамі).
Прыкме́ць ’набыць’ (Мат. Гом.). Верагодна, кантамінацыя дзеясловаў прыкме́ціць і (зай)ме́ць/прыйма́ць (гл.).
Прыко́зелкі (прыко́зэлкі) ’злучаныя парамі накрыж кароткія жэрдкі, якімі прыціскаюць салому ці кастрыцу на вільчыку’ (іван., пін., стол., Нар. сл.). Да ко́зелкі, памянш. ад казёл 3 ’умацаванне саламянай страхі’ (гл.) < прасл. *kozьlь са значэннем ’прыстасаванне (драўлянае) паводле падабенства да (рагоў) жывёлы’ (ЭССЯ, 12, 32–33).
Прыко́л ’паля, кол, убітыя ў зямлю (для прычалу, для прывязвання жывёлы і пад.)’ (ТСБМ, ТС), прыка́л ’тс’ (Ян.). Няясна. У якасці дэрывацыйнай крыніцы прапануецца прыкало́ць, гл. калоць (ССБМ, 281), што наўрад ці адпавядае семантычнаму развіццю. Магчыма, да кол (гл.) ці ад калаці́ць (гл.). Параўн. ст.-рус. приколъкъ ’калы, убітыя ў дно для ўмацавання рыбалоўных сетак, закол, забой’ (Сразн.), рус. дыял. прико́л ’калок, убіты ў дно ракі для затрымання сеткі ў неабходным становішчы падчас рыбнай лоўлі’; ’рыбалоўны закол’, укр. при́кол ’невялікі калок, убіты ў зямлю’, при́кі́лок ’калок’.
Прыко́мкаць экспр. ’пазабіваць’ (брасл., Сл. ПЗБ). Да ко́мкаць ’камячыць’, якое ад ко́м (гл.) з экспрэсіўным пераносам значэння ’збіць у камяк’. Параўн. рус. смал. прико́мкать ’завалодаць чужым, прысвоіць’.
Прыко́нец (прыко́нэц) ’сплеценая з конскага воласу вяровачка, якая прывязваецца да арапніка (пры ўмелым размаху гучна ляскае)’ (пін., Нар. лекс.), прыконе́чнік ’тонкі раменны кончык пугі’ (ТС); сюды ж фалькл. прыку́ньчик: прыкуньчика прыточу (Доўн.-Зап., Пін.). Лексікалізацыя словазлучэння пры канцы́. Параўн. аналагічнае укр. приконе́чник ’канец (пугі, бізуна)’.
Прыко́пак ’малая ўкладка сена на сенажаці’ (нясвіж., ЛА, 2), пріко́пык ’невялікая капа, складзеная асобна або каля вялікай капы ці стога’ (Юрч., Мат. Маг.). Да капа́ (гл.).