Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Прыкако́шыць ’прыбіць, забіць’ (карэліц., Нар. сл.; ваўк., Сл. ПЗБ). Да незафіксаванага *како́шыць, якое ўзыходзіць да прасл. *kokošiti (< *kokošь ’курыца; певень’) з шэрагам значэнняў, сярод якіх, аднак, семантыка, звязаная з ’біць’, адзначаецца толькі ў рускіх дыялектах, параўн. уладз. прикоко́шить ’пабіць, набіць’, калуж. ’забіць на мяса, зарэзаць’. Верагодна, сюды ж прыкуко́шыцца ’прыладзіцца’ (шальч., Сл. ПЗБ) з дысімілятыўнай варыятыўнасцю першага пераднаціскнога кораня і таксама да дзеясл. *како́шыць < *kokošiti, але з семантыкай (далейшым яе пашырэннем), якая адлюстравалася ў балг. коко́ша се ’ўсаджвацца, як квактуха’, славац. kokosiť sa ’надзьмуцца, натапырыцца’, што можа разглядацца як беларуска-славацка-балгарская ізалекса.

Прыкала́чваць (прыкала́чываць) ’запраўляць мукой для густаты’ (полац., Нар. сл.), прыколоці́ць ’тс’ (ТС), пры́калатка ’мачанка’ (Жд., Сл. ПЗБ), прыколо́та ’суп з бульбы, падкалочаны мукой’ (кам., Жыв. НС; ТС). Да калаці́ць (гл.). З гэтай семантыкай, відаць, уласна беларускае ўтварэнне.

Пры́камець (прі́камець) ’урокі’ (гом., ГЧ). Няясна, гл. пры́хамаць. Магчыма, звязанае з прыкме́ціць (гл.).

Прыка́н ’паркан, плот, агароджа’ (клім., Бяльк.). Да парка́н (гл.).

Прыканды́чыць ’цягаць за валасы’ (Нас.); параўн. таксама прыкундо́сіць ’пабіць’ (Нас., Рамз.). Да зафіксаванага там жа канды́чыць з той самай семантыкай. Апошняе з’яўляецца фанематычным карэлятам (які, магчыма, разумеўся як “антыэкспрэсіўная” форма) да незафіксаванага *кунды́чыць/*кундо́чыць, чаргаваннем у фіналі асновы звязаным з кундо́сіць ’цягаць за валасы’ (гл.) < у́нды < ку́дла/‑ы ’валасы’ (гл.) < прасл. *kǫdьla/‑o (ЭССЯ, 12, 53–54). Безумоўна, не самым абгрунтаваным месцам з’яўляецца тут сувязь рэканструяванага у́нды з ку́длы, таму ЕСУМ (3, 142) прапануе іншую, даволі арыгінальную і несупярэчлівую ў семантычным плане версію — бачыць ва ўкр. кундо́сити, бел. кундо́сіць “зваротнае запазычанне” з якой-небудзь балтыйскай мовы, што можа быць зведзена да балт. *kundas ’кудзеля; валасы’ (параўн. літ. kuõdas ’чуб’) як адлюстравання прасл. *kǫda (‑у) ’кудзеля’, параўн. ко̀нди, ко̀нда ’кудзеля, ачоскі льну, канапель’. Пачатковае значэнне дзеяслова было, такім чынам, ’трапаць, церці (лён, кудзелю)’.

Прыкара́скацца ’прывязацца, прычапіцца, прыстаць’ (Байк. і Некр., Растарг., Янк. 1, Ян.). Прэфіксальнае ўтварэнне ад кара́скацца ’карабкацца’ (гл.) з развіццём (зменай) семантыкі; параўн. аналагічнае зах.-бранск. прикара́скаться ’прычапіцца да некага дакучліва’. Бяспрэфіксны дзеяслоў надзейнай этымалогіі не мае. Спроба яшчэ Брукнера (219) звязаць з кара́сь, паўтораная таксама ЭСБМ (4, 264), выглядае зараз этымалагічным кур’ёзам. Падаецца, што лагічней бачыць тут рэгрэсіўную дысіміляцыю выбухной групы ‑[пк]‑ у кара́бкацца > ‑[ск]‑ у кара́скацца, абумоўленай, магчыма, экспрэсіўным ужываннем.

Пры́караткі ’караткаваты’ (ТСБМ; брасл., Сл. ПЗБ), сюды ж пры́каратка ’невялікая колькасць’ (Інстр. 3), пры́каратка ’недастакова, мала; караткавата’ (Нас., Шат.), прыкараць ’караткавата’ (Жд.). Вытворныя ад кораня каро́т‑/ко́рат‑ з семантыкай непаўнаты, якая захоўваецца ў прэфіксе. Цвяткоў (Запіскі, 1, 51) бачыць тут паралель да польск. przykrótki ’караткаваты’. Гл. каро́ткі.

Прыкаркну́ць, прыкорну́ты, прыкархну́ць, прыкурхну́ць ’прыладзіцца да сну, заснуць на кароткі час, прыхіліўшыся да чаго-небудзь; задрамаць’ (Нас., Ласт., Сержп., Сцяшк., Клім., ТС, Сл. Брэс., Скарбы), прыкахну́ць ’задрамаць’ (дзятл., Сл. ПЗБ). Прэфіксальнае ўтварэнне ад незафіксаванага *каркну́ць з далейшай рэканструкцыяй семантыкі ’храпянуць’ → ’задрамаць’, якое ў сваю чаргу працягвае прасл. *kъrknǫti ад гукапераймальнага *kъrkati, што, як слушна заўважае Трубачоў (ЭССЯ, 13, 236), “цалкам падыходзіла як экспрэсіўнае абазначэнне дзеянняў ’ударыць’, а таксама ’раптоўна задрамаць, храпянуць”. Варбат (Балто-слав. этнояз. отнош., 7) у формах з ‑у‑ ў аснове бачыць балтыйскі ўплыў ва ўмовах моўных кантактаў.

*Прыкарэ́нкаваты (прыкорэ́нковатый) ’нізкі, каранасты’ (стол., Нар. лекс.). Утварэнне ад ко́рань (гл.) з развіццём семантыкі. Параўн. рус. дыял. прикорёнок ’тоўсты і маларослы чалавек’, укр. при́корень ’частка ствала каля кораня, пень; невялікі калок, убіты ў зямлю’.

Прыкарэ́ць ’прысохнуць у выглядзе коркі; прыліпнуць і засохнуць’ (Нас., Гарэц., Байк. і Некр., Др.-Падб., Бяльк.), перан. экспр. ’прычапіцца’ (астрав., Сл. ПЗБ). Прэфіксальнае ўтварэнне ад карэ́ць (гл.), параўн. рус. смал. прикоре́ть ’прысохнуць; пакрыцца коркай’, укр. чарніг. прикорі́ти ’засохнуць у выглядзе коркі’.