Прыканды́чыць ’цягаць за валасы’ (Нас.); параўн. таксама прыкундо́сіць ’пабіць’ (Нас., Рамз.). Да зафіксаванага там жа канды́чыць з той самай семантыкай. Апошняе з’яўляецца фанематычным карэлятам (які, магчыма, разумеўся як “антыэкспрэсіўная” форма) да незафіксаванага *кунды́чыць/*кундо́чыць, чаргаваннем у фіналі асновы звязаным з кундо́сіць ’цягаць за валасы’ (гл.) < *ку́нды < ку́дла/‑ы ’валасы’ (гл.) < прасл. *kǫdьla/‑o (ЭССЯ, 12, 53–54). Безумоўна, не самым абгрунтаваным месцам з’яўляецца тут сувязь рэканструяванага *ку́нды з ку́длы, таму ЕСУМ (3, 142) прапануе іншую, даволі арыгінальную і несупярэчлівую ў семантычным плане версію — бачыць ва ўкр. кундо́сити, бел. кундо́сіць “зваротнае запазычанне” з якой-небудзь балтыйскай мовы, што можа быць зведзена да балт. *kundas ’кудзеля; валасы’ (параўн. літ. kuõdas ’чуб’) як адлюстравання прасл. *kǫda (‑у) ’кудзеля’, параўн. ко̀нди, ко̀нда ’кудзеля, ачоскі льну, канапель’. Пачатковае значэнне дзеяслова было, такім чынам, ’трапаць, церці (лён, кудзелю)’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)