Прызбіро́к ’невялікі кошык для ягад’ (дзятл., Сл. ПЗБ). Суфіксальнае ўтварэнне ад разм. прызбіра́ць < збіра́ць < прасл. *sъbirati, гл. браць. Не выключана ўсходнеславянскае паходжанне прэфіксальных дзеясловаў, параўн. рус. дыял. присбира́ть ’назбіраць (ягад, грыбоў і пад.)’, укр. призбира́ти ’паступова назбіраць; назапасіць’.
Прызвадзі́ць (прізвади́ть) ’вырабляць’ (Дабр.). З рус. производить ’тс’. Паводле Карскага (1, 267), вынік змяшэння прыставак про- (гл. пра-) і пры‑ (гл. пры‑).
*Пры́звіска (прю́звыско) ’мянушка’ (Сіг.). Да про́звіска (гл.). Параўн. укр. прі́звисько ’мянушка; прозвішча’.
Прызво́ліцца ’прызнацца’ (астрав., Сл. ПЗБ). Магчыма, звязана са ст.-бел. призволити ’дазволіць’, укр. призво́лити ’выявіць ласку, міласць; даць дазвол, згоду на што-небудзь’, што можа сведчыць на карысць уласнага развіцця на ўсх.-слав. моўнай глебе.
Прызе́лліць ’напаіць зеллем, зачараваць’ (Ян.), прызы́лы́ты ’прываражыць, прычараваць’ (Клім., Сл. Брэс.), сюды ж прызі́л ’спосаб варажбы’ (Клім.). Прыставачна-суфіксальнае ўтварэнне ад зе́лле (гл.).
Прызе́місты ’нізкі на выгляд; прысадзісты’, прызёмісты ’тс’ (Нас.), прізёмістый ’тс’ (Бяльк.), прызё́мкуваты ’прыземісты; невысокі ростам, але шырокі ў плячах’ (Клім.). Прыставачна-суфіксальнае ўтварэнне ад зямля́ (гл.), параўн. рус. призе́мистый ’тс’, укр. призе́мний ’нізкі, які расце каля самай зямлі’, призе́мок ’маленькага росту, каржакаваты чалавек’.
Прызі́мак, прызі́мок, мн. л. пры́земкі ’пачатак зімы, калі выпадае першы снег’ (нясвіж., івац., капыл., ЛА, 2), прызі́мкі ’вясеннія дні з замаразкамі’ (іўеў., Сл. ПЗБ). Прыставачна-суфіксальныя ўтварэнні ад зіма́ (гл.).
Прызіра́цца ’ўглядацца, прыглядацца’ (маст., гарад., Сл. ПЗБ, ТС, Скарбы), сюды ж вытворныя назоўнікі, відаць, іранічныя назвы, пра што сведчыць і канец слова, аформлены “польскім суфіксам” ‑дло: прызіра́дло, прызыра́дло ’люстра’ (баран., іван., Сл. Брэс.). Прыставачна-суфіксальнае ўтварэнне ад звязанага ў сучаснай мове кораня ‑з(і/о)р‑ > параўн. рус. старое зреть, укр. зрі́ти < прасл. *zьrěti. З улікам ст.-слав. призирати ’глядзець’ трэба канстатаваць, прынамсі, усходнеславянскае паходжанне дзеяслова; параўн. рус. арл. призира́ться ’прыглядацца’, укр. призира́тися ’прыглядацца’. Сюды ж прызо́рысты ’падслепаваты, блізарукі’ (ТС).
Прызлі́шна (прызлі́шно) ’вельмі свабодна, прасторна’ (Нар. Гом.). Верагодна, своеасаблівая найвышэшая ступень ад прысл. залі́шне ’звыш меры, занадта’ з рэдукцыяй пераднаціскнога ‑а‑.
Пры́зма ’вяроўка, скручаная з лазы, для замацавання дэталяў сахі’ (Скарбы). Гл. прызьмо́.