Рыкашэ́т ’палёт цела пад вуглом пасля ўдару аб якую-небудзь паверхню’ (ТСБМ). З франц. ricochet ’тс’ хутчэй за ўсё праз пасрэдніцтва рускай мовы, параўн. рус. рикоше́т ’тс’.
Ры́кша ’чалавек, які запрогшыся ў каляску, перавозіць седакоў і грузы’ (ТСБМ). З япон. (dzin) rikisia праз пасрэдніцтва рускай, параўн. рус. ри́кша ’тс’.
Ры́ла ’лыч’ (ТСБМ; лудз., Сл. ПЗБ), ’твар чалавека’ (ТСБМ; пін., Сл. ПЗБ), ’пашча ў рыбы’ (ігн., Сл. ПЗБ), ’вузкі ўваход у рыбалоўную снасць (пух., Сл. ПЗБ), ’верхняя вузкая частка графіна, бутэлькі’ (барыс., Шат.), ры́ло ’рыла, морда’, ’горла бутэлькі’ (ТС, ПСл), руск. ры́ло ’морда’, ’пашча’, ’лыч’, укр. ри́ло, ст.-руск. рыло, польск. rydel ’рыдлёўка’, чэш. rydla ’разец’, славац. rydlo ’разец, лапата’, славен. rílo ’хобат’, серб.-харв. ри̏ло ’рыла’, ’губа’, балт. ри́ло ’рыла, морда’. Прасл. *rydlo (< *ru‑tlo‑m), звязанае з рыць, рваць, выяўляе значны паралелізм структуры з лац. rutrum ’лапатка’, лат. raûklis ’скрабок’ (ЭССЯ, Проспект, 76–77; Фасмер, 3, 528; Копечны, 313; БЕР, 6, 259–260).
Рыла́н, рыле́й ’чалавек з поўным чырвоным тварам’ (ТС). Сюды ж рыла́сты ’таўстаморды’ (Байк. і Некр.), рыла́стый ’чалавек з моцным, громкім голасам’, рылатый ’чалавек з тоўстымі, адвіслымі губамі’ (Нас.), рыла́ты ’губаты’ (люб., ЛА). Адыменныя ўтварэнні з рознымі суфіксамі ад ры́ла (гл.) (Пра словаўтваральны тып з суф. ‑ан і ‑ей гл. Сцяцко, Афікс. наз., адпаведна 94 і 98). Тое ж у іншых мовах, параўн. рус. дыял. рыла́н ’таўстарылы’, серб.-харв. ри̏ласт ’мардасты’, ’губасты’.
Рылёўка, рыля́ўка ’лапата’ (Сцяшк. Сл.). Ад рыдлёўка (гл.) у выніку прыпадабнення р да л з наступным сцяжэннем лл у л (рыдлёўка > рыллёўка > рылёўка).
Ры́льнік ’судна (начное)’ (ветк. Мат. Гом.). Ад ры́ла (гл.), паколькі начынне мае ры́ла ’носік’.
Рым ’дрыгва, топкае месца’ (Ян.), укр. дыял. рим ’яма з вадой’, ’лог, заліты вадой’, ’глыбокі роў’. Няяснае слова. Можна меркаваць роднасць да польск. ryma ’насмарк’, чэш. rýma ’насмарк’, славац. réma ’насмарк’, ст.-слав. рема ’выцяканне’, роума, рюма ’сцяканне’, ст.-ням. reuma ’насмарк’, фр. rhume ’прастуда, катар’, лац. rheuma, reuma ’выцяканне’, нова-грэч. ῥεῦμα ’насмарк’, літ. rymà ’насмарк’. Польская і чэшская лексемы лічацца запазычаннямі з франц. rhume, якое з грэч. ῥεῦμα (Мацэнаўэр, 301; Махэк₂, 527). Але гэта няпэўна. Здзіўляе падабенства з рус. ры́мбаць, ры́нда́ть ’гразнуць у балоце’, ’правальвацца нагамі ў балота, праз лёд або снег’, ры́ндало ’балота’, якое з доляй верагоднасці лічаць запазычаннем з фін. rämpiä ’ісці праз балота, снег’, ’рухацца наперад з цяжкасцю’ (Фасмер, 3, 528). Параўнай ры́маць (гл.).
Ры́мар ’майстар, які вырабляе вупраж’ (ТСБМ, ТС; ваўк., смарг., лід., Сл. ПЗБ; ЛА, Сцяшк. Мат.), рымарня ’рымарская майстэрня’ (ТСБМ), рымарства ’рамяство рымара’ (ТСБМ), ст.-бел. рымаръ, римаръ, римарь, ремарь (1502). З польск. rymarz ’тс’, якое з ням. Riemer ’рымар’ (< ням. Riemen ’рамень’) (Брукнер, 472).
Ры́маць ’румзаць, канозіцца’ (ТС), рыме́ць ’злаваць, выгаворваць’ (дзярж., Нар. сл.), ’вішчаць (пра свіней)’ (мядз., Нар. сл.), руск. дыял. рымонить, чэш. rýma ’насмарк’, серб.-харв. рѝмати ’плакаць, хныкаць’, з іншым вакалізмам рус. дыял. рю́мить ’плакаць’, рю́ма ’плакса, равула’, укр. рюмати, рюмсати. Да і.-е. *rʼum‑: *rym (Куркіна, Этимология 1971, 76; Скок, 3, 144). Параўнай ры́мзаць (гл.).