Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Луні́ ’багністая мясціна’ (брасл., Сл. ПЗБ), купіш. (ЛітССР), рус. лунь ’багна, балота’. Пагранічны позні балтызм. Параўн. літ. liũnas ’тс’ (Талстой, Лекс. балт., 46; Грынавяцкене, Сл. ПЗБ, 2, 682). Гл. таксама лунь4 і лю́ны.

Луні́ца ’пасіўны, прыгнечаны’ (віл., Сл. ПЗБ). Да лунь3 (гл.).

Луні́чка ’клубнічка’ (Ян.) — у выніку кантамінацыі лунка1 (’ямачкі на ягадцы клубнікі’, параўн. рус. тул., арханг. лу́нка ’ямачка на целе’) і клубнічка.

Лу́нка1, лу́нька ’ямка, невялікае паглыбленне’ (ТСБМ; лёзн., Яшк.), ’вада пасля дажджу на дарозе, лужына’ (там жа), ’палонка’ (Гарэц., Нас., Дразд., Др.-Падб., Нік., Оч.; брасл., докш., Сл. ПЗБ; віц., Маш.; лёзн., Касп.). У выніку распадабнення лм > лн з лумка > луміна (гл.). Сюды ж і слаўг. лу́нка ’града’ (Мат. Гом.), параўн. рус. ярасл. луне́ние ’прыставанне ямак для пасадкі гароху і інш.’, урал. луна́ть ’рабіць лункі (ямкі) для пасадкі агародніны’. Крукоўскі (Уплыў, 38) мяркуе аб запазычанні бел. лексемы з рус. мовы. Няма падстаў.

Лу́нка2 ’драўляная каробка для вымярэння збожжа ≈ 1 пуда’ (гродз., Нар. сл.). Відавочна, з лукно (гл.) у выніку перастаноўкі ‑кн‑ > ‑нк‑.

*Лу́нкі, палес. лу́нкы ’прыстасаванне з прутоў, якое служыць для замацавання вашчыны ў вуллі-стаяку’ (Анох.). Няясна. Магчыма, да лу́нка1 ’ямка’ — ямкі, у якія ўстаўляліся пруты (?).

Лу́ннік ’расліна Lunaria rediveva L.’ (ТСБМ, Кіс.; БелСЭ, 6). Відавочна, з рус. мовы, дзе лу́нник таксама звязана з лексемай луна́1 (гл.), як і ў іншых мовах: польск. miesiącznica, mieśięcznik, чэш. měsíčenka, lunatěnka, měsíčnice. Матывацыя: насенне мае форму паўмесяца (Махэк, Jména, 65).

Лу́ння ’кішкі, страўнік’ (паўн.-усх., КЭС). Да шлу́нне ’вантробы, унутранасці, кішкі’ (Мат. Маг., Ян., Растарг.).

Луно ’бяльмо на воку’ (слон., Арх. Бяльк.; івац., Нар. сл.). Да лунь2. Канчатак ‑но (< прасл. ‑no), як у pętьno > рус. пятно ’пляма’.

Лу́нуць, лу́наць ’раптоўна згінуць, прапасці’ (Мядзв., Яруш., Янк. 2, Мат. Гом., Нас., ТС, Сл. ПЗБ; мсцісл., З нар. сл.), ’паступова згасаць і памерці’ (Касп.; слуц., БНТ, Лег. і пад.), ’памерці, здохнуць’ (івац., Нар. сл.), луну́ць ’знікнуць’ (Сцяшк. Сл.). Укр. н.-валын. лу́нути ’памерці’, рус. смал. лунуть ’памерці, здохнуць’. Да лу́пнуць (гл.), як прасл. kapnǫti < kapati, ці гінуць < gibnǫti.

Луну́ць ’лінуць’ (мазыр., Нар. Гом.). З ⁺лыну́ць, параўн. драг. лыну́тэ ’тс’. Пераход ы > у (як мы́лаусх.-палес. му́ло). Да ліць, ліну́ць (гл.). Гл. таксама Слаўскі, 4, 380–381 — lunąć ’лінуць’.

Луны́ ’бляск, глянец, мігаценне’ (в.-дзв., Нар. сл.). Да луна́1 (гл.).