Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Прыдры́паць экспр. ’прыдыбаць, прыйсці з цяжкасцю’ (ТС). Прэфіксальнае ўтварэнне ад дры́паць разм. ’ісці, дробна і часта ступаючы’ (ТСБМ; у ЭСБМ адсутнічае), якое, безумоўна, узыходзіць да прасл. *dripati (ЭССЯ, 5, 115; тут падаецца адзначанае слоўнікам Байк. і Некр. дры́паць ’брудзіць падол’), параўн. адно са знач. чэш. drpačʼ ’дробненька хадзіць’, а таксама ўкр. придрі́патися ’прыйсці ў слату’. Гл. яшчэ ЕСУМ, 2, 128 (пад дри́пи).

Прыду́біць ’прывезці ці прынесці надзвычай цяжкі груз’ (Янк. 1), ’прывалачы’, прыдубі́цца ’прывалачыся’ (ТС). Мясцовае ўтварэнне ад ду́біць ’цягнуць’ (ТС), якое толькі фармальна можна ўзвесці да прасл. *dǫbiti, аднак цяжкасці ўзнікаюць з семантычнага боку. Няясна, магчыма, звязана з ы́біць, ды́біцца (гл.)?

Пры́дур, прі́дурь ’прыдуркаватасць; вар’яцтва’ (Бяльк.). Арэал сведчыць, хутчэй, на карысць запазычання з рус. разм. при́дурь ’тс’.

Прыду́рак экспр. ’прыбудова; каморка’ (брасл., Сл. ПЗБ). Суфіксальна аформленае запазычанне з літ. priedurà ’тс’, у якім корань звязаны з дзве́ры (гл.), на што таксама паказвае лакалізацыя слова. Стылістычная памета адназначна паказвае на другасную семантычную сувязь з разм. прыду́рак ’дурань’.

Прыдусі́ць ’прыціснуць (пра хваробу)’ (воран., Сл. ПЗБ). Запазычана з польск. przydusić ’тс’, прэфіксальнага ўтварэння ад dusić ’душыць; ціснуць’, якое ўзыходзіць да прасл. *dušiti. Адносна палемікі вакол зах.-слав. ‑sʼ‑ на месцы прасл. ‑šʼ‑ (архаізм ці наватвор?) гл. ЭССЯ, 5, 165, а таксама ў Брукнера, 104; Слаўскага, 1, 181. Параўн. рус. прабалт. дуси́ть ’душыць’, якое таксама, відаць, з польскай (Анікін, Этимология, 279; тут і меркаванне аб літоўскай крыніцы).

Прыду́ха ’стан вады (нястача ў ёй кісларода) пад лёдам, калі гіне рыба; замор’ (Янк. 3.; рагач., Сл. ПЗБ; Крыв., ТС), ’незамерзлае месца на рацэ’ (Бяльк.), ’незамерзлае месца на рацэ, куды збіраецца рыба’ (Ян.). Бяссуфіксны назоўнік ад прыдушы́ць з “адваротным” чаргаваннем у фіналі асновы, прэфіксальнае да душы́ць (гл.). Параўн. рус. дыял. приду́ха ’нястача кіслароду ў вадаёме пад лёдам’, ’адтуліна ў лёдзе, дзе збіраецца рыба ў пошуках прытоку паветра’, укр. приду́ха ’недахоп кіслароду (у тым ліку і ў вадзе)’, палес. приду́ха ’палонка; вада, што ў час адлігі з’яўляецца на рэчцы’, польск. przyducha ’недахоп паветра пад лёдам’ (калі гэта не запазычанне з усх.-слав.).

Прыдушка́ць ’захутаць усяго цалкам’ (Ян.). Прыставачна-суфіксальнае ўтварэнне ад душа́ (гл.) з матывацыяй ’схаваць душу (г. зн. чалавека; тут немаўля)’.

Прыду́шны (прыду́шні) ’прытухлы’ (калінк., Сл. ПЗБ). Верагодна, лексікалізацыя словаспалучэння пры ду́ху ’з пахам’ або ўтварэнне па архаічнай мадэлі з прыстаўкай пры‑, што паказвае на непаўнату якасці, ад ду́шны ’затхлы’, параўн. Німчук, Давньорус., 120.

Прыды́баць ’прыйсці з цяжкасцю (звычайна пра старога, кульгавага і пад. чалавека)’ (Ласт., ТСБМ, ТС), прыдэ́баць ’ледзь прыйсці’, прыды́баті ’спаткаць’ (Сл. ПЗБ), таксама вытворнае м. р. прыдыба́йло ’чалавек, які прычыкільгаў або прыйшоў употайкі, хаваючыся’ (ваўк., Федар.). Прэфіксальнае ўтварэнне, што да ды́баць (гл.). Параўн. рус. смал. приды́бать ’прыйсці, дабрацца куды-небудзь з цяжкасцю’, укр. приди́бати ’прыплесціся, прыйсці; сустрэць каго-небудзь’. Гл. таксама ЕСУМ, 2, 64; Анікін, Этимология, 296–297.

Прыды́гнуць ’прысесці з паклонам (аб дзяўчынцы)’ (Нас.), ’прысесці’ (Байк. і Некр.). Да ды́гаць (гл. ды́ґаць) < прасл. *dygati (ЭССЯ, 5, 198–199; аб бел. слове — “калі апошняе не з польск.”).