Прыду́ха ’стан вады (нястача ў ёй кісларода) пад лёдам, калі гіне рыба; замор’ (Янк. 3.; рагач., Сл. ПЗБ; Крыв., ТС), ’незамерзлае месца на рацэ’ (Бяльк.), ’незамерзлае месца на рацэ, куды збіраецца рыба’ (Ян.). Бяссуфіксны назоўнік ад прыдушы́ць з “адваротным” чаргаваннем у фіналі асновы, прэфіксальнае да душы́ць (гл.). Параўн. рус. дыял. приду́ха ’нястача кіслароду ў вадаёме пад лёдам’, ’адтуліна ў лёдзе, дзе збіраецца рыба ў пошуках прытоку паветра’, укр. приду́ха ’недахоп кіслароду (у тым ліку і ў вадзе)’, палес. приду́ха ’палонка; вада, што ў час адлігі з’яўляецца на рэчцы’, польск. przyducha ’недахоп паветра пад лёдам’ (калі гэта не запазычанне з усх.-слав.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)