Прыгалавач, пры́головач, мн. л. пры́головачі, прыгалавашкі, приголовашкі ’кароткія папярочныя барозны, засаджаныя бульбай’ (пін., калінк., стол., лельч., ЛА, 2), прыголо́вач ’некалькі папярочных баразён ў канцы дзялянкі’ (драг., стол., Выг.), ’канец агарода, сядзібы’ (ТС), параўн. рус. ярасл. приголова́шник ’размешчаная з краю падоўжная паласа зямлі (у якую ўпіраюцца іншыя кароценькія зямельныя палосы, т. зв. шахматы)’. Да галава, галавач (гл.). Спецыяльна гл. Выгонная, Лекс. Палесся, 54.
Прыгалаве́шка ’два палены, якія кладуцца на паду ў печ паралельна, а на іх канцамі кладуцца дровы’ (Янк.), мн. л. прыгало́вічы, пры́галавічы ’доўгія палены дроў (звычайна два), якія кладуцца спераду ў печ’ (Жд., Нар. сл.), параўн. укр. при́голова́ч, при́голо́вачок, при́головок ’палена, якое кладзецца ўпоперак печы, каб на яго можна было класці палены ўпоперак’. Да галава, галавешка (гл.).
Прыга́лак ’невялічкая палянка ў лесе пасля пажару; прагалак’ (Шат.). Да прага́лак (гл.). Але нельга цалкам выключыць і ўплыў семантыкі прыназоўніка пры са значэннем лакалізацыі — ’каля чаго-небудзь’. Гл. гала.
Прыгало́ўе ’месца на пасцелі, ложку, куды кладуцца галавой; узгалоўе’ (ТСБМ), прыго́лаўе ’галовы, падгаловак, узгалоўе, падгалоўе’ (Нас.), пры́галавак ’спінка ў ложку’, прыгало́вяц ’тс’, прыгалава́шка ’месца каля пярэдняй спінкі ложка’, прыгало́ўнік ’вузгалоўе ў возе’ (Сл. ПЗБ), приголовчик ’хустачка, якую надзяваюць на нованароджанага’ (Серб.), параўн. рус. приголо́вье ’ўзгалоўе ў ложку’, при́голо́вок ’тс’, при́головок, при́головка ’падушка’, укр. приголі́вʼя, приголо́вʼя ’ўзгалоўе’, при́голо́вач, при́головок, приголо́вчик ’узгалоўе’. Да галава (гл.).
Прыга́на, прыга́нка ’недахоп; загана’ (ТСБМ, Дзмітр., Нас., Нас. Доп., Янк. БП). Відаць, сюды ж фальклорнае прыга́нка з няясным значэннем (Шн. 1, з паметай “Прынёманне”): “А соро́чки, як прыданки, /скачуць каля лаўки: // Бедна наша голо́венька, /не маем прыганки”. Вядомае ўжо ў ст.-бел. пригана ’загана’, параўн.: “Несть въ речахъ твоихъ ни единое приганы” (Сл. Скарыны); параўн. таксама аналагічныя фармальна і семантычна укр. прига́на ’ганьба, знеслаўленне, папрок; недахоп, загана’, польск. przygana ’абгавор’, чэш. příhana ’дакор’, славац. príhana ’тс’. Усё гэта дае падставы рэканструяваць прасл. дыял. *prigana, прэфіксальнае ўтварэнне ад *gana > якое, у сваю чаргу, ад *ganati, суадноснага і роднаснага *ganiti (ЭССЯ, 6, 99–100, з літ-рай), гл. га́ніць. Разам з тым нельга цалкам выключыць і магчымасць старога запазычання з заходнеславянскіх моў, у такім выпадку ст.-бел. пригана — з чэш. (у мове Скарыны), іншыя формы — з польскай, гл. Банькоўскі, 2, 934, дзе адпаведнае слова адзначана з 1399 г. Параўн., аднак, зага́на і нага́на (гл.).
Прыга́нак ’парэнчы пры ганку’ (Нас.), прыґа́нак ’веранда’ (барыс., Янк. 2), ’прыступкі пры ганку’ (Байк. і Некр.). Да га́нак (гл.), параўн. польск. przyganek ’бакавы ганак’, укр. при́ґанець ’памяшканне для аўчароў і малочных прадуктаў’ (адносна апошняга гл. ЕСУМ, 4, 569).
Прыганя́ць, прыгна́ць ’прывесці, даставіць; прымушаць, падахвочваць’ (ТСБМ), прыгыня́ць ’тс’ (Бяльк.). Узыходзіць да прасл. *prigъnati/*prigoniti/*priganʼati, прэфіксальных утварэнняў ад *gъnati/*goniti/*ganʼati; гл. ганя́ць, гнаць. Сюды ж аддзеяслоўныя назоўнікі з развіццём і пашырэннем семантыкі: прыго́н, прыго́нка ’дастаўка; прымус прыйсці, з’явіцца; згон’ (Нас., ТСБМ); прыго́н ’пасаг маладой у выглядзе жывога інвентару, статак’ (Федар.), прыгі́н ’дамашнія жывёлы, якіх бацькі далі як пасаг заручоным’ (Сіг.); з архаічнай словаўтваральнай структурай прыганя́ты ’слуга памешчыка, які наглядаў за працай сялян у час прыгону; цівун; аканом’ (ТСБМ, Нас., Мядзв., Гарэц., Ласт., Байк. і Некр.); параўн. маляўніча вобразнае мн. л. перан. прыгыня́тыя ’нязжатыя сцяблы збожжа, якія засталіся ззаду’ (рас., Шатал.).
Пры́гарады мн. л. ’загарадкі’ (пух., Сл. ПЗБ). Бяссуфікснае ўтварэнне ад *прыгарадзі́ць, дыялектнага дэрывацыйнага карэляту агарадзі́ць, абгарадзі́ць, гл. агаро́д; параўн. стараж.-рус. приграда ’агароджа; агароджванне, засцярога’, приградъ ’знешняя агароджа’ (Сразн.), рус. дыял. при́город ’адроджанае месца ў полі для жывёлы, пастаўнік’. Параўн. таксама ст.-слав. приградъ ’памяшканне перад уваходам у келлю’.
Прыга́рка, прыга́ркі ’падгарэлае месца на чым-небудзь печаным, смажаным, вараным (у печы, духоўцы)’ (Мік., Шат., Вешт., Жд., ТСБМ; бых., Сл. ПЗБ; Жыв. НС, ЛА, 4), прыга́рак, прыга́рок, прыга́ра ’тс’ (Жыв. сл., Сл. ПЗБ, ТС, ЛА, 4), пры́гаркі, прыга́ркі ’тс’ (лун., Шатал.; Растарг.). Аддзеяслоўны назоўнік ад прыгарэ́ць < гарэ́ць (гл.); параўн. рус. прига́рка ’падгарэлая ежа; падгарэлая скарынка бульбы, хлеба і пад.’, пск. прига́рок ’падгарэлая ежа; падгарэлыя часцінкі ў ёй’, укр. пригара, при́гарок ’падгарэлыя часткі стравы’, палес. прига́рка ’прыгарэлая плёнка на малацэ’.
Прыгару́даць, ’добра пастарацца; назапасіць, сабраць, забяспечыцца’ (слонім., Арх. Федар.). Да гаруд, аруд ’застаронак, засек’ (гл.).