Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тындаль (тындэль) ‘капуста’ ў загадцы: тындэлічка невялічка, тындэль большой (кобр., Рам. Мат. Гр. 1, БНТ, Загадкі). Параўн. укр. дыял. ти́ндель ‘дэталь у возе’ няяснага паходжання (ЕСУМ, 5, 569). Штучна ўтвораныя назвы, відаць, ад гукапераймальнага імітатыва, як укр. ти́нди‑ри́нди — пра пустую балбатню, рус. ты́нда — пра дурную, неахайную жанчыну, польск. tyndyrundy ‘ступа’ ў загадцы. Параўн. трынды-рынды (гл.) і каш. tindlac są ‘корпацца, марудзіць’, польск. дыял. tindlåčka ‘маруда’ (SEK, 5, 149).

Ты́ндра ‘хітрая жанчына’ (Мат. Маг. 2). Няясна. Экспрэсіўнае ўтварэнне з перастаноўкай зычных ад трындзець (гл.)? Гл. таксама папярэдняе слова.

Тыне́ць ‘тлець, прэць’ (Юрч.), ‘гніць ад сырасці’ (Юрч. Сін.), тыне́нне ‘гніенне, прэласць’ (Юрч. СНЛ), параўн. серб. тѝњати ‘тлець, гарэць’, славен. tínjati ‘тлець’. Беларуска-паўднёваславянская ізалекса, што дае падставы для рэканструкцыі праславянскага дыялектызма *tinʼati ‘слаба гарэць’, звязанага з прасл. *tajati (Куркіна, Этимология–1986–1987, 76; Диал. структура, 153), гл. таяць. Запрудскі далучае сюды сціняці́цца ‘пакрывацца тонкім лядком, замярзаць’, сціняце́ць ‘зрабіцца кволым, змарнець (пра гародніну)’, якія праз стадыю ‘сціскацца’ ўзводзіяцца да *tęti ‘біць, сячы’ (БЛ, 36, 58), параўн. сцінаць, сцяць (ЭСБМ, 13, 99, 112), што, дарэчы, можа быць звязана з *tinati ‘падразаць’ як тэрмінам падсечна-агнявога земляробства, гл. Куркіна, Культура, 67. Верагодна, да названага праславянскага дыялектызма прымыкае па форме балг. дыял. тиня́е ‘прапускае ваду (пра гляняны збанок)’, што ўзводзіцца да *tęti ‘цягнуць’ (Рачава, Этимология-2003–2005, 192). Адносіны паміж названымі паралелямі застаюцца да канца не высветленымі, параўн. сумненні Сноя (Бязлай, 4, 181). Для беларускага дзеяслова не выключана сувязь з тыня, тыніна ‘зараснік, забалочанае месца’, тынь1 ‘ціна, плесень’, гл.

Тынёнка ‘церніца’ (бярэз., Сл. ПЗБ, ЛА, 4). Не зусім ясна. Відаць, ад назвы месца, дзе церлі лён, гл. тыня́нка ‘пуня’, або ад тынь2 ‘тонкая дошка’, гл. тын.

Тынк ‘пакрыццё паверхні будаўнічых канструкцый’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Касп., Гарэц., Ласт., ТС, Сл. ПЗБ), ‘тынкоўка, раствор для тынкоўкі’ (Сцяшк., Шат., ПСл, Шушк.), ‘матэрыял, якім забіваюць шчыліны ў сцяне’ (Бяльк.), сюды ж тынкава́ць ‘пакрываць тынкоўкай’ (Нас., Ласт., Касп.), тынкова́ць ‘тс’ (ТС): tynkovácʼ ŭ kołočki, u dranku (Арх. Вяр.), тинкова́ти ‘апрацоўваць, выпраўляць паверхню вапнай’ (Горбач, Зах.-пол. гов.), ст.-бел. тынковати ‘тынкаваць’ (1695 г.), тынкованье (тынкоўкай) (1690 г., ГСБМ). Праз польск. tynk ‘тс’, якое з нова-в.-ням. Tünche ‘тынкаванне’, ‘тынкоўка’, а апошняе з лац. tunica ‘скура’, ‘покрыва’, ‘абалонка’. Лацінскае слова, як і ст.-грэч. χιτών ‘хітон, туніка’, былі запазычаны праз фінікійскую мову з арамейск. kittūnā́ < ст.-яўр. kuttṓneth ‘тс’ (Борысь, 659; Брукнер, 589; ЕСУМ, 5, 570).

Ты́нка ‘пуня’ (Рэг. сл. Віц.). Да тын (гл.), відавочна, памяшканне з вертыкальна пастаўленых калкоў або плах, параўн. тыня́нка ‘тс’.

Тыно́к ‘загарадка з калкоў тычком’ (ТСБМ, Ласт.), ‘агароджа з тонкіх кійкоў, якія вертыкальна пераплятаюцца паміж жэрдак’ (віц., рэч., ЛА, 4), ‘пляцень’ (Ласт.). Памянш. да тын (гл.). Сюды ж тынко́вы (плот) ‘плот з частаколу (у адрозненне ад жардзянога плота)’ (брасл., Сл. ПЗБ).

Ты́нфа ‘сярэбраная манета, роўная 15 кап.’, памянш. ты́нфік (Нас.), тынхвік ‘15 кап. серабром’ (Шымк. Собр.), ст.-бел. тынфъ, тинфъ ‘сярэбраная манета вартасцю 18 грошаў’ (1688 г., ГСБМ). Запазычана са ст.-польск. tynf, tymf — манета, што атрымала назву ад імя манетчыка Андрэя Тымфы (ням. Tümpe, Брукнер, 589), фіксуецца з 1691 г. (Булыка, Выбр. пр., 181), паралельная лацінская назва манеты tynfus, мн. л. tynf засведчана ў кнізе Гарадзенскага земскага суда ў 1714 г., дзе прыраўноўвалася да 38 грошаў (Жлутка, 340).

Ты́нцы-лы́нцы — прыпеў у дзіцячай забаўлянні: тынцы‑лынцы, балалайка (глыб., Бел. дыял. 1). Гукапераймальны імітатыў ігры на струнным інструменце.

Тынь1 ‘ ціна, твань’ (Нас., Гарэц.), ‘плесень’: у клеці дужа ты́ньню пахніць (Юрч. Вытв.). Параўн. рус. смал. тынь ‘зялёныя водарасці, якія плаваюць густой масай, ціна’, ‘балоцістае, топкае месца’ (СРНГ), што ўтварае адзін арэал з беларускімі словамі. Верагодна, звязанае з тынець, гл.

Тынь2 зборн. ‘колле, плахі для пабудовы тыну’ (Нас.), сюды ж ты́нне? ‘платы, парканы’: пайшла ў вандроўку па‑пад тынню (Я. Колас). Параўн. польск. дыял. tynia ‘тонкая дошчачка або кіёк для плоту’ (MSGP), укр. попідти́нню ‘пад плотам, пад плятнём’ (Т. Шаўчэнка) ад ти́ння зборн. да тин ‘тын’, рэдкае рус. тынь ж. р. ‘агароджа, плот’, звычайна ты́нье зборн. ‘калоды паміж слупамі ў сценцы’. Вытворнае ад тын з старым канчаткам на ‑ь са значэннем зборнасці, параўн. ст.-рус. чудь, сербь як назвы плямён (Фасмер, 1, 305).

Тынь3 — выклічнік раптоўнага дзеяння: дабавіў туды капусты і тынъ! — усё перамяшаў (Рамза, Бел. гутарк.). Да тыняцца, гл.

Тынь4 ‘месца на рацэ або возеры, якое зарасло трысцём’ (шкл., Мат. Маг.). Узыходзіць да прасл. *tyti ‘разрастацца, таўсцець’, параўн. серб. тити̏ ‘густа расці’ (Мартынаў, Зб. Крапіве, 214); паводле Мартынава (Лекс. взаим., 146–147), слова таго ж паходжання, што і тын (гл.) < *tynъ, якое з’яўляецца славянскім пранікненнем у германскія мовы.