Тыня́цца ‘шкандыбаць, кульгаць’ (Аніч., Вопыт), тыня́тысь ‘чыкільгаць’ (Клім.), тинʼатис’ ‘блытацца, перашкаджаць’ (Горбач, Зах.-пол. гов.). Параўн. укр. ти́нятися, тиня́тись ‘соўгацца’, ‘сноўдацца, бадзяцца, валэндацца’, ‘штурхацца (сярод натоўпу)’, ‘блукаць, вандраваць’. Экспрэсіўнае арэальнае ўтварэнне няяснага паходжання. Паводле ЕСУМ (5, 570) — гэта відазмененая форма *тинутися ‘ціха хадзіць, сноўдацца’, якая ўзнікла з прасл. *ti(p)nǫti ‘ўдарыць’, ‘ціхенька хадзіць’ і звязана з *te(p)ti: рус. ти́пать ‘злёгку удараць’, ‘ісці, крадучыся’, н.-луж. typotaś ‘чыкільгаць’, ‘дробненька ступаць’, польск. ciepnąć, ciepać ‘удараць’, cipać ‘ісці ціха, але без перапынку (пра дождж)’, серб. те̏псти се ‘бадзяцца, блукаць’. Магчыма, можа выводзіцца з прасл. *tynʼati ‘быць ціхім, мірным’, якое Сной (у Бязлай, 4, 181) параўноўвае са ст.-прус. tusnan ‘ціхі’, ст.-інд. tūṣṇī́m ‘ціха, моўчкі’. Гл. таксама тыпаць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)