Тынк ‘пакрыццё паверхні будаўнічых канструкцый’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Касп., Гарэц., Ласт., ТС, Сл. ПЗБ), ‘тынкоўка, раствор для тынкоўкі’ (Сцяшк., Шат., ПСл, Шушк.), ‘матэрыял, якім забіваюць шчыліны ў сцяне’ (Бяльк.), сюды ж тынкава́ць ‘пакрываць тынкоўкай’ (Нас., Ласт., Касп.), тынкова́ць ‘тс’ (ТС): tynkovácʼ ŭ kołočki, u dranku (Арх. Вяр.), тинкова́ти ‘апрацоўваць, выпраўляць паверхню вапнай’ (Горбач, Зах.-пол. гов.), ст.-бел. тынковати ‘тынкаваць’ (1695 г.), тынкованье (тынкоўкай) (1690 г., ГСБМ). Праз польск. tynk ‘тс’, якое з нова-в.-ням. Tünche ‘тынкаванне’, ‘тынкоўка’, а апошняе з лац. tunica ‘скура’, ‘покрыва’, ‘абалонка’. Лацінскае слова, як і ст.-грэч. χιτών ‘хітон, туніка’, былі запазычаны праз фінікійскую мову з арамейск. kittūnā́ < ст.-яўр. kuttṓneth ‘тс’ (Борысь, 659; Брукнер, 589; ЕСУМ, 5, 570).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)