Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Прышпіндэ́рыць ’прышыць’ (нясвіж., Жд. 1). Хутчэй за ўсё з рус. пришпандорить ’моцна прырабіць, прымацаваць; моцна і акуратна прышыць’, якое да шпандыр ’шавецкае прыстасаванне’ (гл.).

Прышпо́тырыць ’прыляпаць, даць (напр., штраф)’ (Бяльк.). З прыштрдпіць < штроп ’штраф’ (гл.).

Пры́шта ’байка, показка’ (ТС). Гл. прьгчта.

Прышто́піць ’прыфастрыгаваць’ (талач., Шатал.). Укр. приштапува́ти ’тс’, рус. дыял. пришто́пать ’прышыць’. Да штапаваць (гл.) ’абкідваць’, магчыма, пад уплывам рус. што́пать ’цыраваць’.

Прыштрэ́паць ’прыгатаваць (сняданне)’ (узд., Жд. 2). Няясна. Магчыма, з рус. стряпать ’гатаваць ежу’.

Прышу́ліцца ’прыхіліцца’ (Сцяшк.). Укр. прищулитися ’прытаіцца; прыхіліцца, прыціснуцца’. Да шула (гл.).

Прышч1 ’гнайнічок на скуры’ (ТСБМ, Шпіл., Бес., Ласт., Сл. ПЗБ, ТС), пры́шча, пры́шчва́, прышча́й, прышча́йка, прышчэ́йка (Жыв. сл., Сл. ПЗБ), пры́шчаўка, пры́шчолка ’прышчык’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ, ЛА, 3), пры́шчынка ’балячка’ (чэрв., Нар. лекс.), прэ́шч ’прышч’ (астрав., Сл. ПЗБ). Укр. прищ ’тс’, рус. прыщ, ст.-рус. прыщь, ц.-слав. прыштъ ’тс’, польск. pryszcz ’пухір’, в.-луж. pryskel ’мазоль, набой’, н.-луж. pšuskel ’тс’, чэш. pryskýř ’пухір’, славац. prýšť ’высыпка’, серб.-харв. при̑шт ’нарыў, скула’, славен. príšč ’пухір’, балг. прищ ’пухір’, приш ’прышч’, макед. пришт ’прышч, скула’. Вытворнае ад *pryskati (гл. пры́скаць) < *prysk‑jь > *pryščь (больш падрабязна гл. Мяркулава, Этимология–1970, 148 і наст.). Гл. таксама Праабражэнскі, 2, 140; Фасмер, 3, 392; Брукнер, 440; Шустар-Шэўц, 2, 1164; Банькоўскі, 2, 807; БЕР, 5, 525, 746; ЕСУМ, 4, 585. Непераканаўча ад *pluskati выводзіць Махэк₂ (489).

Прышч2 ’прыцярушанае мукой прэснае цеста, якое запякаецца ў прыску’ (тураў., Малч.). Укр. прищ ’гатунак пячэння’. Этымалагічна тое ж, што і прышч1, ад прыск, прысак, пры́шчыць (гл.). Паводле ЕСУМ (4, 585), украінскае слова запазычана з польск. pryszcz ’печыва з грэцкай мукі, якое гарачым мачаюць у растопленым масле’, што ад pryszczeć ’трашчаць, сычэць (на агні)’, што не выключае народнаэтымалагічнас асэнсаванне.

Прышчапе́рыцца ’зачапіцца’ (Скарбы). Гл. ашчапе́рыцца.

Прышчапі́ць1 ’перасадзіць частку жывой расліны (вочка, чаранок) на тканку другой’ (ТСБМ, Нас., Шпіл., Мат. Гом., ЛА, 1), ’увесці ў арганізм вакцыну’ (ТСБМ), прышчэ́піць, прышчэ́пліваць ’прышчапіць; прышчэпліваць воспу’ (калінк., чэрв., Сл. ПЗБ; ТС). Гл. шчапі́ць, шчапля́ць. У другім значэнні калька рус. привива́ть ’уводзіць вакцыну’.

Прышчапі́ць2 ’зачыніць на зашчапку; зашчапіць’; ’прычапіць пры дапамозе прышчэпкі, зашчапкі’ (ТСБМ, ТС). Да шчапі́ць, шчапля́ць ’злучаць, звязваць’.

Прышчапі́ць3 ’прыбраць, прывесці ў парадак’ (Мат. Гом.). Гл. папярэдняе слова.

Прышча́ўляны (прошчавляный) ’праколы, з кіславатым прысмакам’ (пін., Нар. лекс.). Гл. прашчаўляны, ашчавець2, шчавы.