Прышч1 ’гнайнічок на скуры’ (ТСБМ, Шпіл., Бес., Ласт., Сл. ПЗБ, ТС), пры́шча, пры́шчва́, прышча́й, прышча́йка, прышчэ́йка (Жыв. сл., Сл. ПЗБ), пры́шчаўка, пры́шчолка ’прышчык’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ, ЛА, 3), пры́шчынка ’балячка’ (чэрв., Нар. лекс.), прэ́шч ’прышч’ (астрав., Сл. ПЗБ). Укр. прищ ’тс’, рус. прыщ, ст.-рус. прыщь, ц.-слав. прыштъ ’тс’, польск. pryszcz ’пухір’, в.-луж. pryskel ’мазоль, набой’, н.-луж. pšuskel ’тс’, чэш. pryskýř ’пухір’, славац. prýšť ’высыпка’, серб.-харв. при̑шт ’нарыў, скула’, славен. príšč ’пухір’, балг. прищ ’пухір’, приш ’прышч’, макед. пришт ’прышч, скула’. Вытворнае ад *pryskati (гл. пры́скаць) < *prysk‑jь > *pryščь (больш падрабязна гл. Мяркулава, Этимология–1970, 148 і наст.). Гл. таксама Праабражэнскі, 2, 140; Фасмер, 3, 392; Брукнер, 440; Шустар-Шэўц, 2, 1164; Банькоўскі, 2, 807; БЕР, 5, 525, 746; ЕСУМ, 4, 585. Непераканаўча ад *pluskati выводзіць Махэк₂ (489).

Прышч2 ’прыцярушанае мукой прэснае цеста, якое запякаецца ў прыску’ (тураў., Малч.). Укр. прищ ’гатунак пячэння’. Этымалагічна тое ж, што і прышч1, ад прыск, прысак, пры́шчыць (гл.). Паводле ЕСУМ (4, 585), украінскае слова запазычана з польск. pryszcz ’печыва з грэцкай мукі, якое гарачым мачаюць у растопленым масле’, што ад pryszczeć ’трашчаць, сычэць (на агні)’, што не выключае народнаэтымалагічнас асэнсаванне.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)