Прыбягны́, прыбыгны́й ’пазашлюбнае дзіця’ (кам., ЛА, 3). Да прыбе́гчы, прыбяга́ць з метафарычным пераносам значэння.
Прыбядзі́ць (прыбедзі́ць) ’зрабіць кепскае; прынесці гора, бяду; зрабіць няшчасным, збедніць’ (ПСл; ТС). Да бе́дны, бяда́ (гл.). Параўн. укр. дыял. при́бідок ’у дадатак да бяды, дадатковая бяда’.
Прыва́біць ’імітуючы голас (звычайна птушак), паклікаць; прыцягнуць увагу, погляд і пад.’ (Шпіл., Нас., ТСБМ, ТС), пріва́біць (Бяльк.), прыба́віць ’прывабіць’ з метатэзай (ТС). Сюды ж вытворныя: прыва́ба ’тое, што прываблівае, прыцягвае да сябе, прынада; прывабнасць’ (Нас., Байк. і Некр., Др.-Падб., Бяльк., ТСБМ), ’пчаліная прынада’ (ваўк., лаг., Сл. ПЗБ; міёр., Жыв. НС), прыва́бнік, прыва́бачнік ’невялікі вулей, які ставяць на дрэве ў лесе для прываблівання пчол’ (ваўк., лід., нясвіж., Сл. ПЗБ; ЛА, 1). Узыходзіць да праславянскага прэфіксальнага ўтварэння *privabiti, якое ад *vabiti, гл. ва́біць. Укр. прива́бити ’прывабіць, прыцягнуць’, рус. дыял. прива́бить ’прынадзіць’, ст.-рус. прива́бити ’запрасіць, паклікаць; угаварыць, прыцягнуць да сябе’, польск. przywabić, чэш. přivabiti, серб.-харв. прива̀бити.
*Пры́вад, прі́вод ’слушнасць, дарэчнасць; лад, толк, сэнс’: да́рма не скажуть, а усе ік прі́воду (лельч., Нар. лекс.). Сюды ж устойлівае словазлучэнне даць прыво́д ’вывесці ў жыццё (пра дзяцей)’ (ТС). Аддзеяслоўны назоўнік ад прыво́дзіць, незак. тр. да прыве́сці, сярод іншых значэнняў ’паведаміць што-небудзь для падмацавання свайго меркавання, спаслацца на каго-, што-небудзь’ (ТСБМ). У абстрактным значэнні параўн. рус. дыял. приво́д ’заклінанне пастухоў, якое, паводле забабонаў, засцерагае скаціну ад звяроў’, ’навучанне, натацыя’, укр. приві́д ’кіраўніцтва, камандаванне; падстава, аснова’, польск. przywód ’намова, заахвочванне’ і пад. У канкрэтным значэнні ’нараджэнне, прыплод’ вядомае і іншым славянскім мовам, параўн. балг. прѝвод ’прыплод ад жывёлы, што была дадзене ў якасці пасагу’, параўн. БЕР, 5, 702 (да прасл. *privodъ ’тое, што прыведзена’). Гл. таксама Jakobson, Word, 7, № 2, 1951, 190; Варбат, Этимология–1963, 213–216.
Прыва́да ’тое, чым прынаджваюць птушак, рыб, жывёл; тое, што прыцягвае, прываблівае’ (Нік. Очерки). Субстантыў ад прыва́дзіць ’прынаджваць птушак, рыб, жывёл; прыцягваць, прывабліваць’, параўн. прыва́діть ’прывучыць’ (Растарг.), якое ад ва́дзіць 2 (гл.), аналагічныя укр. пріва́да ’прынада’, рус. дыял. прива́да ’звычка, патуранне; цяга, прыхільнасць’.
Прыва́л ’прыпынак у дарозе для адпачынку ў час паходу’ (ТСБМ): лежа́ць у прывал ’доўга вылежвацца’ (ТС), прыва́лка ’месца для прыпынку ў дарозе, прывал’ (Нас.), прыва́л, прыва́лак ’пагорак; высокі бераг’ (мядз., Нар. сл.; брасл., Сл. ПЗБ), прыва́лак ’нізкае месца ў канцы загона’ (брасл., ігн., Сл. ПЗБ), прыва́лак, пры́валок, пры́ве́лок ’прымурак — выступ печы, на якім можна сядзець або ставіць што-небудзь’ (Буз., ТС), ’прымастка, палаці каля печы’ (Сцяшк., Сл. рэг. лекс.), ’дошка, прыбітая ля печы’ (Жд.), прывале́нь ’прымак’ (гарад., Нар. лекс.). Да прывалі́ць ’прыперці, прыхіліць; прыкрыць, прыціснуць зверху, прыстаць, прычаліць (пра судна); прыйсці, сабрацца ў вялікай колькасці; з’явіцца, прыйсці (пра што-небудзь нечаканае або ў вялікай колькасці)’ (ТСБМ), да прасл. *privaliti, якое ад *valiti, гл. валі́ць.
Прывала́ць (прывола́ць) ’прыцягнуць сілай’ (ТС). Відаць, з польск. przywołać ’паклікаць’, збліжанага з прывалачы́ < валачы́ (гл.). Да апошняга параўн. прыволо́ка ’набрыдзь’ (ТС).
Прыва́рак, пры́ва́рок ’гатаваная страва; прадукты харчавання, якія ідуць на прыгатаванне стравы; заправа, якая дадаецца да галоўных прадуктаў пры гатаванні гарачых страў; прыкраса’ (Нас., Янк. 2, Касп., Бяльк., ТСБМ, Ян.; петрык., Шатал.; ашм., Стан.; ТС), ’вадкая, пераважна прэсная страва, якая варыцца ў дадатак да асноўнае; ’мука; мука з ячменю і грэчкі; крупы; бабовыя’, прыва́ркі ’агародніна’ (Нар. лекс., Сл. ПЗБ), прыва́р ’крупы і мука розных гатункаў’ (Нік. Очерки), прыва́рак ’мука з (абдзёртага) ячменю’ (Др.-Падб.; полац., Янк. 2), прыва́ркавая, прыварко́вая, прыворко́ва, прыва́рашная (мука) ’тс’ (Інстр. 3, Сл. ПЗБ, ЛА, 4), прыварко́вая (мука) ’з ячменю і грэчкі’, прыва́ркавая (мука) ’з сумесі зерняў розных культур’ (Др.-Падб., Нар. лекс., ЛА, 4), прыва́ркавы ’які дадаецца да звычайнай стравы’ (Нас.). Прывары́ць ’зварыць яшчэ, у дадатак да ўжо зваранага’ (ТСБМ), ’згатаваць страву, якая хутка варыцца; моцна сцебануць, хваснуць’ (Янк. 3.), ’паварыць некаторы час’ (лід., Сл. ПЗБ), перан. ’прываражыць, прычараваць’ (ТС). Да вары́ць 1 (гл.).
Пры́варатка ’частка навітай на навой асновы, якая адпускаецца для ткання з задняга навоя за адзін раз’ (в.-дзв., Шатал.). Суфіксальны назоўнік ад прывараці́ць < вараці́ць (гл. варо́чаць).
Прыва́рваць ’прыпарваць’ (ТС). Да вары́ць 2 ’моцна грэць (пра сонца); парыць (пра надвор’е)’ (гл.). Відавочна, усходнеславянскае, параўн. рус. прива́ривать ’пячы гарачынёй, спёкай’.