Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Прыбало́туха, пры́боло́туха, пры́балатка ’грыб каўпак кольчаты’ (Нар. лекс., Сл. ПЗБ, ГЧ; ТС), пры́балотуха, пры́болотка, пры́болоцянка ’сыраежка з вострай шапачкай’ (Псл.), прыбало́тка ’ядомы грыб, які расце каля балота’ (Жд.). Да бало́та (гл.), паводле характэрнага біятопа — імшыстыя хваёвыя лясы пры балотах. Параўн. укр. палес. прибо́лотуха, при́болотка ’грыб Tricholoma Russula’ (Лысенка, СПГ), прэ́булутуха ’сыраежка шэрая’ (Бел.-укр. ізал., 62).

Прыбамба́хі мн. л. экспр. ’прычындалы, прыстасаванні’: гармонік з прыбамбахамі (ЛіМ, 1998, 31 ліпеня), прыбамба́сы ’дадатковыя элементы, дэталі’ (Наша Ніва, 1997, 24 сакав.). Відаць, на базе гукаперайманняў бам!, бах!, гл. бахаць.

Прыбарышы́цца ’прысуседзіцца’ (ТС). Да незафіксаванага *бары́шы́цца, якое ад бары́ш (гл.). Да семантычнага развіцця параўн. крым.-тат. baryš ’мір, прымірэнне’.

Прыбасе́ць ’абнасіцца абуткам, зрабіцца босым’ (Бяльк.). Да незафіксаванага *басе́ць з той самай семантыкай, якое ад бо́сы (гл.). Параўн. рус. пск., цвяр. босе́ть ’тс’ (СРНГ).

Прыбау́тка (прібау́тка) ’прыказка’ (Бяльк.). Улічваючы месца фіксацыі, трэба лічыць запазычаннем з рус. прибау́тка ’забаўная, трапная, звычайна рыфмаваная прымаўка’, ’прыпеўка’, прэфіксальнае ўтварэнне ад бау́тка ’дасціпны, трапны выраз; прымаўка’ (Даль), што працягвае прасл. *bavǫtъka.

*Пры́бач, пры́боч ’збоку’ (ТС). Лексікалізацыя прыназоўнікава-склонавага спалучэння пры бо́ку/баку́. Сюды ж прыметнік прыбо́чны ’які знаходзіцца заўсёды пры баку, пры поясе; які знаходзіцца неадлучна пры якой-небудзь асобе’ (Нас.). Параўн. рус. дыял. при́бочи ’збоку’, укр. при́бочний ’бакавы’.

Пры́башч ’невялікі конусны будан з жэрдак з вогнішчам пасярэдзіне’ (ГЧ). Няясна.

Прыбе́жышча (прыбе́жышчэ) ’прыстанішча, прытулак’ (ТС). Запазычана з рус. прибе́жище ’тс’, утворанага ад прасл. *priběžati/*priběgati (БЕР, 5, 691–692).

Прыбе́лены (прібі́лены) ’крыху адбелены (аб палатне)’ (Уладз.). Да бялі́ць (гл. белы) са значэннем непаўнаты дзеяння.

Прыбе́рдзіцца ’здацца’ (ТС). Да е́рдзіцца з аналагічнай семантыкай, варыянт брэ́дзіцца < брэ́дзіць ’хлусіць, узводзіць паклёп; трызніць’ (гл.). Параўн. рус. дыял. прибре́диться ’прымроіцца; здацца’.