Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Меланхолія ’сумны настрой, туга’ (ТС). Паводле Крукоўскага (Уплыў, 77), з рус. меланхолия. Аднак параўн. яшчэ ст.-бел. мелянколия, мэлянколия, меленколия ’тс’, якія са ст.-польск. melankolija ’чорная жоўць’ (Свяжынскі, БЛ, 7, 1975, 48; Булыка, Лекс. запазыч., 136), запазычанага з с.-лац. melancholia < ст.-грэч. μελαγχολία ’дэпрэсія, пакуты ад чорнай жоўці’ — меркавалася, што сум, туга ўзнікалі ад чорнай жоўці.

Мелену́ць ’хутка пабегчы’ (ТС). Да малоць (гл.) з пераносам значэння ’малоць’ > ’хутка махаць (нагамі)’. Аб суфіксе ‑nǫ‑ti гл. Слаўскі, SP, 1, 44–45.

Ме́лес ’кармавая патака’ (ТС), мазыр. меля́з ’павідла з гарбуза, груш, ягад’ (Вешт.). Праз польск. мову (дзе melas, melasa ’мелес’) запазычана з франц. melasse, якое з ісп. melaza ’тс’ < лац. mel ’мёд’ (Голуб-Ліер, 308).

Ме́ліва, ме́ліво ’памол, малаццё, мліва’ (Нас., Яруш., Касп., Др.-Падб.; паст., Сл. ПЗБ). Рус. ме́ливо, ме́лево ’зерне’, укр. ме́ливо ’зерне’, ’мука’, ’малаццё’, чэш., славац. melivo ’тс’, славен. melȋvo ’малаццё збожжа’, серб.-харв. ме̏љиво ’зерне для памолу’. Прасл. melivo (Фасмер, 2, 545). Да малоць (гл.).

Ме́лін, мёлін ’млён у жорнах’ (Нік. Очерки; Касп.; талач., Шатал.). Балтызм. Параўн. лат. miļetis, літ. milinỹs ’тс’ (Блесе, SB, 5, 15; Вяржбоўскі, 498–500; Лаўчутэ, Балтызмы, 55).

Мелі́ніс ’млён (у жорнах)’ (воран., Сл. ПЗБ). З літ. milinỹs ’тс’ (Грынавяцкене, там жа, 3, 56).

*Мелі́нне, пруж. мілі́нне ’сцяблы і лісце агуркоў’ (ДАБМ, к. 279). Узыходзіць да *хмелінне, якое з хмель ’расліна Humulus lupulus L.’ (гл.). Параўн. стол. хмеліно ’сцяблы і лісце агуркоў’ (ДАБМ, там жа). Аб адпадзенні пачатковага х‑ гл. Карскі, 1, 377. Параўн. тое ж у балг. гаворках (мел ’хмель’ — БЕР, 3, 725).

Мелі́са, малі́са ’травяністая расліна Melissa offісіпаlis L.’ (гродз., Кіс.). З польск. melisa, malisa ’тс’.

Ме́ліць ’малоць’ (Яруш.). Другасная форма, утвораная ад асновы цяперашняга часу мелʼ‑ю (< прасл. melʼjo) пры дапамозе суфікса ‑іць, як ле́іць (гл.).

Меліяра́цыя ’паляпшэнне зямель шляхам асушэння і да таго пад.’ (ТСБМ). Праз польск. ці рус. мову з лац. meliōrācio ’паляпшэннe’ < meliorāre < melior ’лепшы’.