Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Бу́ква 1 ’бручка’ (Кіс.). Няясна.

Бу́ква 2 ’літара’ (Бяльк., Шат.). Шат. лічыць, што гэта русізм (аб рус. буква гл. Фасмер, 1, 236).

Буква́р (БРС, Шат.), буква́рь (Бяльк.). Шат. лічыць, што гэта запазычанне з рус. буква́рь.

Бу́квіца ’расліна Betonica L.’ (Кіс.), таксама ’першацвет, Primula veris L., арніка, Arnica montana L.’ (Кіс.). Для Betonica officinalis гэта агульнаслав. назва: рус. буквица, буковица, буковина, укр. буквиця, польск. bukwica, bukwa, ст.-чэш. bukva, bukvice, bukovice, славац. bukvica, харв. bukvica (Мяркулава, Очерки, 137; Махэк, Jména rostl., 198–199). Як думаў Растафінскі, Symbola, 283, ёсць сувязь з назвай дрэва — *bukъ (Betonica мае лісце, якое зраслося на канцы, як у бука).

Буке́нніца ’аканіца’ (Нас.). З *аб‑акен‑ніца (да акно́; параўн. бако́нка, буко́нка, буко́нніца).

Буке́т. Рус. буке́т, укр. буке́т. Запазычанне з ням. Bukett або франц. bouquet ’тс’. Фасмер, 1, 236; Шанскі, 1, Б, 219.

Бу́кіш ’удар ілбом’ (Нас., Сцяц.), ’стукнуцца лбамі ў бойцы (пра бараноў)’ (Янк. III); букіш: (чорт) даў мне букіш пад ногі, што аж я перакінуўся (Федар., 1). Параўн. польск. дыял. bukisz ’тс’. Бясспрэчна, ад *bukati (параўн. бел. бу́кацца ’біцца лбамі’, рус. бу́каться). Бу́кіш < *buk‑yšь (суфікс *‑yšь). Зыходзячы з геаграфіі слова, можна думаць і пра запазычанне з польск. bukisz (якое па паходжанню гукапераймальнае, гл. Варш. сл., 1, 230).

Бу́кнуць ’набракаць’ (Нас.). Мабыць, з бу́хнуць (параўн. слав. *buxnǫti, рус. бу́хнуть, набуха́ть набракаць’).

Буко́нка, буко́нніца ’аканіца’ (Бяльк., Нас., Касп., Мядзв.). З *аб‑акон‑ка, *аб‑акон‑ніца (да акно́; параўн. бако́нка, буке́нніца).

Буко́та 1 ’ўзгорак на лузе, на якім расце вяз’ (слаўг., Яшкін). Утварэнне ад гукапераймальнага дзеяслова *bukati, дакладней ад яго «ўзмоцненай» формы *buk‑ot‑ěti ’гучаць, шумець і г. д.’ Да семантыкі параўн. бу́чаё (гл.), там і паралелі з іншых слав. моў. Параўн. яшчэ бу́хта, буко́та 2, букта. Цікава, што ў бел. мове буко́та мае два значэнні: ’узгорак’ і ’глыбокае месца ў рацэ’. Дакладная семантычная паралель да гэтага — укр. бе́лебень ’узвышша’; ’глыбокае месца ў вадзе’ (аб матывацыі гл. пад бу́чаё).

Буко́та 2 ’глыбокае месца’. Гл. бу́кта.

Бу́кса 1 ’бязрогая карова’ (Сцяшк. МГ). Няяснае слова. Ёсць дзве магчымасці тлумачэння: 1) метафара да бу́кса ’букса’ (гл.); першапачаткова ’карова з кароткімі, нібы абрубленымі (як «букса») рагамі’; 2) утварэнне (суфікс ‑s‑) ад дзеяслова *bukati (sę) ’букацца, біцца лбамі’ (гл. бу́кацца); першапачаткова ’карова, якая букаецца, б’ецца лбом, а не рагамі’. Польск. дыял. buksa ’тс’ (паводле Варш. сл., 1, 231, няяснага паходжання). У літ. мове ёсць buksà ’бязрогая карова; чалавек без пальцаў’. У бел. мове запазычанне з літ.? Але ў Фрэнкеля гэтага слова няма наогул.

Бу́кса 2 ’бручка’ (Бяльк., Кіс., Інстр. II, ДАБМ, 858–859, № 276). Слова, як і буксінка ’тс’ (гл.), усх.-бел. Бясспрэчна, мясцовае новаўтварэнне. Паколькі гэтай назва ізаляваная, то застаецца толькі адна магчымасць этымалагізавання: бу́кса ’бручка’ ўзнікла скарачэннем з буксінка ’тс’. Гл. Краўчук, БЛ, 1973, 3, 56.

Бу́кса 3 ’букса’ (БРС), ’жалезная ўстаўка ў коле’ (Арх. Бяльк., слонім., Маш., Маслен., Бяльк.). Рус. бу́кса, укр. бу́кса (як тэхнічны тэрмін), польск. buksa, buks. З ням. Büchse ’тс’ (да ням. слова гл. Клюге, 107). Варш. сл., 1, 231; Шанскі, 1, Б, 220–221. Параўн. ст.-бел. букса (XVII ст.; Булыка, Запазыч., лічыць яго паланізмам).