Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Пры́сту́пка ’падножка, ступенька, па якіх падымаюцца ўверх або спускаюцца ўніз’ (ТСБМ, Гарэц., Др.-Падб., Касп., ЛА, 4, Бяльк.), пры́сту́пкі, прісту́пкі, прусту́пкі ’ганак; ступенькі перад парогам’ (Шушк., Сл. ПЗБ, ЛА, 4). Рус. дыял. присту́пка ’падстаўка, падножка, каб узлезці на печ’, ’лесвічка’; ’ганак’; укр. присту́пки ’прыступкі лесвіцы, ганка’. Утварэнне з суф. ‑к‑ ад прыступі́ць.

Прысту́пна ’добра, зручна, ёмка’ (Жд. 1). Да прыступі́ць (гл.).

Прысты́ркнуць ’прымацаваць’ (Ян.). Гл. то́ркаць, ты́ркаць.

Прысука́цца ’прымацавацца, далучыцца шляхам сукання’ (Нас., ТСБМ), ’размясціцца вельмі блізка; прывязацца, прычапіцца, прыдрацца’ (Нас., Жд., ТСБМ; пух., Сл. ПЗБ; ТС), прысучы́цца ’прывязацца’ (Ласт.), прысу́чыцца ’тс’ (ТС), прысучы́цца ’пасватацца’ (брасл., Сл. ПЗБ). Гл. сукаць.

Прысукрава́цца ’прыладзіцца, прысуседзіцца (да каго-небудзь, чаго-небудзь дзела сваёй выгады, карысці), паддобрыцца’ (Янк. 1, Мат. Гом.). Утворана па аналогіі з прысука́цца (гл.) ад су́крыцца ’завівацца’, гл. сукры, сукрутка.

Прысу́тнічаць ’быць, знаходзіцца ў пэўны час; мецца, быць у наяўнасці’ (ТСБМ), прысу́тнасць ’знаходжанне, наяўнасць’ (там жа), укр. прису́тність ’прысутнасць’. Паводле Васілеўскага (Аб нек. асабл., 48–51) калька 20‑х гадоў XX ст. з рус. прису́тствовать ’знаходзіцца, быць у наяўнасці’, дзе суфікс ‑ствова‑ц.-слав.) быў заменены прадуктыўным суфіксам ‑ніча‑ (< ‑нік), што ўтварае дзеясловы ад назоўнікаў дзеючай асобы. Параўн. су́тнасць (гл.).

Прысу́ха1 ’каханая, любая’ (ТСБМ), ’прыгажуня, чараўніца’ (Мат. Гом.). Параўн. укр. присо́хнути ’адчуўшы сімпатыю, прыхільнасць да некага, надта пакахаць яго’, рус. дыял. прису́ха ’каханы чалавек; прыгажуня’, ’чараўніца’. Гл. наступнае слова.

Прысу́ха2 ’злая (міфічная) істота’; ’звышнатуральная сіла’ (Інстр. 2, Мат. Гом.). Утворана ад прысушыць ’прыманіць варажбой, прымусіць каго-небудзь сохнуць ад кахання’ (ТСБМ, Сл. Брэс., Мат. Гом.), гл. сушыць. Параўн. рус. дыял. прису́ха ’прыварожванне, чараўніцтва; вядзьмарства’; укр. прису́шений ’прычараваны’.

Прысу́шак1, прысуошок ’акрайчык, першы кавалак хлеба, адрэзаны ад новага бохана’ (беласт., Ніва, 1979, 5 жн.). Магчыма, звязана з магічным уздзеяннем (гл. папярэдняе слова): Мы, бывало, за прысуошкі то аж бʼемся (тамсама). Гл. таксама асу́шак.

Прысу́шак2, прысу́шкі ’сошкі (апоры) на бэльках’ (брагін., ЛА, 4). Гл. прысо́шак, со́шка.

Прысу́шны ’засушлівы’ (ТС). Да сухі́, сушы́ць (гл.).

Прысце́н ’частка (палавіна) пуні’ (Гарэц., Байк. і Некр.), ’дабудоўка; прыбудоўка да сцяны будынка’ (Др.-Падб.), прісьце́н ’частка пуні’ (Бяльк.), прысце́нак ’бакавая прыбудоўка’ (ТСБМ, Шат.), ’прыбудова са сценамі для гаспадарчых прылад’ (стол., ДАБМ), прысце́нак ’прыбудоўка для свойскай птушкі’ (Шушк.), прысты́нок ’прыбудова’ (кам., Жыв. НС). Рус. дыял. присте́н ’месца каля сцяны або плота, тыну, штыкетніку’; ’прыбудова да хаты; частка пабудовы, будынка’, присте́нок ’тс’, укр. при́сті́нок ’невысокая сценка, якая адгароджвае частку памяшкання, і частка памяшкання, адгароджаная такой сценкай’, польск. przyścianek ’ганак; прыбудова’, чэш. přístěnek ’месца каля сцяны’, ’прыбудова’, славац. prístenok ’крыты калідор да ўваходу ў дом’. Першапачатковая форма, зыходзячы са спосабаў словаўтварэння, — прысце́нак, што ўтворана прэфіксальна-суфіксальным спосабам ад сцяна; слова прысцен з’явілася ў выніку ўсячэння суф. ‑ак. Параўн. трысце́н.