Прысце́н ’частка (палавіна) пуні’ (Гарэц., Байк. і Некр.), ’дабудоўка; прыбудоўка да сцяны будынка’ (Др.-Падб.), прісьце́н ’частка пуні’ (Бяльк.), прысце́нак ’бакавая прыбудоўка’ (ТСБМ, Шат.), ’прыбудова са сценамі для гаспадарчых прылад’ (стол., ДАБМ), прысце́нак ’прыбудоўка для свойскай птушкі’ (Шушк.), прысты́нок ’прыбудова’ (кам., Жыв. НС). Рус. дыял. присте́н ’месца каля сцяны або плота, тыну, штыкетніку’; ’прыбудова да хаты; частка пабудовы, будынка’, присте́нок ’тс’, укр. при́сті́нок ’невысокая сценка, якая адгароджвае частку памяшкання, і частка памяшкання, адгароджаная такой сценкай’, польск. przyścianek ’ганак; прыбудова’, чэш. přístěnek ’месца каля сцяны’, ’прыбудова’, славац. prístenok ’крыты калідор да ўваходу ў дом’. Першапачатковая форма, зыходзячы са спосабаў словаўтварэння, — прысце́нак, што ўтворана прэфіксальна-суфіксальным спосабам ад сцяна; слова прысцен з’явілася ў выніку ўсячэння суф. ‑ак. Параўн. трысце́н.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)