Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Рабы́ ’пярэсты’, ’з рабаціннем’, ’паласаты’, ’з рабізной на вадзе’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ’вяснушкаваты, стракаты’ (Сцяшк.), ’пярэсты, стракаты (пра каня, парася, карову)’ (ЛА, 1), ’паласатая тканіна’ (узд., ЛА, 4), ра́бы ’рабы’ (Ян.), ра́бый ’рабы’ (Бяльк.), раба́ты ’рабы, пярэсты’ (ТС, Яруш., Бяс.), ра́біць ’рабіць стракатым’ (Федар.), ст.-бел. рабый, ребый, польск. jarząbaty ’стракаты’, славен. ríbast ’паласаты’, суадносны з літ. ráĩbas ’пярэсты’, лат. ràibs ’пярэсты’, ст.-пруск. roaban ’паласаты’. Рэканструюецца зыходны корань *rei̯‑/*roi̯‑ з суф. *bho‑ (Бязлай, 3, 177). Паводле Чарных, і.-е. корань *ērerb(h)‑: *reb(h)‑ — на праславянскай глебе — з назалізацыяй галоснага *ręb‑, параўн. ст.-в.-ням. erpf ’цёмны’, ’чорна-буры’, ст.-ісл. jarpr ’карычневы’, ’буры’, грэч. ὄρφνη ’цемната’ (Чарных, 2, 133).

Рабы́ня ’пазбаўленая правоў, раба’ (ТСБМ). Запазычана з рус. рабы́ня ’тс’, што да ст.-слав. рабыни ’раба, служка’.

Рабэ́йза ’вяснушкаваты чалавек’ (дзятл., Сл. ПЗБ; навагр., Нар. словатв.; клец., Нар. лекс.; Янк. 3.), рабе́йза ’тс’ (ст.-дар., ЖНС), рабэ́йжа ’рабы’ (карэліц., Нар. лекс.). Утвораны ад прыметніка рабы́ (гл.) з дапамогай суфікса ‑эйз‑а (‑эйж‑а) (Сцяцко, Афікс. наз., 134).

Рабяні́ца (рабені́ца) ’сорт вялікіх груш’ (ТС). Ад рабы (пра словаўтваральны тып гл. Сцяцко, Афікс. наз., 110). У аснове матывацыі ляжыць афарбоўка груш.

Рабя́ты ’дзеці’ (ТСБМ), рабя́ты, рыбя́ты, рібя́та, робя́ты ’тс’ (Сл. ПЗБ). У сучаснай літаратурнай мове з рус. ребя́та ’тс’. У народнай мове захаваліся сляды стараж.-рус. робꙗ, ’дзіця’, Р. скл. робꙗтє (Німчук, Давньорус., 304), што адлюстроўвае прасл. *orbę, *orbęte, мн. л. *orbęta параўн.: «У нашай ваколіцы на дзяцей казалі рабяты, але не ў значэнні расейскага ребята» (Стома–Сініца, Полымя, 1998, 10, 258).