Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Жа́ла. Гл. джа́ла.

Жалаба́ціцца ’выгінацца, карабаціцца’ (Карэліц., Нар. сл., 86). Параўн. укр. жоло́битися ’карабаціцца’, рус. желоби́ть ’рабіць жолаб’ і да т. п. Утворана суф. ‑іц + ца ад прым. *жалабаты ’жалабаваты’, вытворнага ад наз. жолаб.

Жалабо́к гл. жо́лаб.

Жа́лаванне (ТСБМ). У 60‑х гадах XIX ст. з рус. жалование ’тс’ (Гіст. лекс., 238). Ст.-рус. жалование ’падарунак’ ад жаловати ’аказваць міласць, жалець’, якое мае той самы корань, што жаль (гл.). Значэнне ’плата за працу, што выдаецца ў вызначаны тэрмін’ атрымала ў XVIII ст. (Булахоўскі, 3, 367–368; Гарбачэвіч, РР, 1967, 5, 41–42).

Жаламу́сцік ’расліна бружмель, Lonicera L.’ (Касп.), жы́маласць ’тс’ (Кіс.), жаламу́дзіна (Касп., Яшкін), жы́ламаць ’расліна ядловец, Juniperus L.’ (Нас., Юрч.). Рус. жи́молость ’бружмель’, арханг. желому́дина, желомут(ник), желому́стник, калін. желому́дник, желому́стина, пск. желому́дняк, укр. жи́молость, польск. zimołza, чэш. zimolez ’бружмель’, славен. zimolę̀z ’кізіл’, серб.-харв. зи̏мољист ’каліна’. Формы жаламусцік і жымаласць тлумачацца, відаць, метатэзай зычных; гэта і іншыя змены выкліканы пошукам унутранай формы назвы расліны, маюць народна-этымалагічны характар. Этымалогія слова няпэўная: зводзяць да *зимолистъ (Праабражэнскі, 1, 233), *zimozel(en) (Махэк, Jména rostl., 223), *ži‑molztь < ži‑mlza, дзе ‑ml̥z‑ з *ml̥zǫ ’даю, ссу’ (Трубачоў, Дополн., 2, 56), звязваюць з жы́ла (Гараеў, Доп., 2, 12; Шанскі, 1, Ж, 291). Гл. яшчэ Фасмер, 2, 55. Ці не трэба лічыць, прынамсі, для жы́ламаць крыніцай або вытокам уплыву літ. žalùmas, žãlymas ’зялёная расліна, зеляніна’? Гл. яшчэ Трубачоў, ZSl, 3, 5.

Жалапа́цца ’гарлапаніць’ (карэліц., Нар. сл, 86; Жыв. сл., 70, 78). Укр. желіпа́ти ’крычаць, раўці’. Параўн. яшчэ славен. žlabotáti, žlabráti ’балбатаць’, якія Плетаршнік параўноўвае з ням. schlabbern ’тс’. Літ. žlèptelėti ’ляпнуць’, лат. žļebêt, žleberȇt ’балбатаць’, відаць, з зах.-слав. І.‑е. корань *ghelp‑ ’крычаць’ (Покарны, 1, 350, 428). Гл. яшчэ жалапа́ць.

Жалапа́ць ’піць’ (Сцяц.), жолопа́ты ’жэрці, жаваць’ (Клім.), жалуба́ць ’есці’ (чэрв., Жд. 2; жлоб., Жыв. сл., 115), ’піць’ (маладз., Янк. Мат., 98; вілейс., Нар. сл., 139). Рус. прыбалт. желуба́ть ’есці (пра жывёл)’ (< бел.?), укр. желіпа́ти ’марудна есці’, жолопа́ти ’жэрці’, польск. żłopać ’піць многа (пра жывёл, пагардліва пра людзей)’, дыял. żłepać, памор. žlepa ’тс’, славен. žlę́bati ’многа піць’; параўн. балг. жлѐвя ’жаваць’. Літ. žliaũbti ’жэрці, уплятаць’, лат. žļebinȃt ’жаваць’. Калі рэканструяваць прасл. *želp‑ або *želb‑, трэба лічыцца з тым, што літ., а магчыма, і лат. словы запазычаны са слав. (польск., памор.). І.‑е. асновай для адзначанай прасл. рэканструкцыі магло б быць *gel‑, g​el‑ ’глытаць’ (Покарны, 1, 365) з лабіяльным пашырэннем: *gelb‑. Параўн. швед. дыял. kulp ’глыток’. Гл. яшчэ глытаць, жалапацца, жлокаць. Меркаванні пра запазычанне жалубаць з літ. (Лаўчутэ, Сл. балт., 109) патрабуюць дадатковай фанетычнай і семантычнай аргументацыі.

Жалдо́бак ’камяк (у ежы)’ (Касп.). Няясна. Параўн. жолуд, жалубаць (жалапаць), жаўлак, калдуны (БРС). Рус. колобок і пад. Спалучэнне ‑лд‑ можа ўказваць на запазычаны характар, але гэта не ўносіць пакуль што яснасці. Трэба адзначыць рус. ярасл. жёлды ’залоза’, звязанае з жёлвь ’жаўлак’ (?).

Жале́за1 Рус. желе́зо, укр. залі́зо, польск. żelazo, чэш., славац., в.-луж. železo, н.-луж. zelezo, палаб. zilʼozü, балг. желязо, макед. железо, серб.-харв. жѐлезо, славен. želę́zo ’тс’. Ст.-слав., ст.-рус. желѣзо ’тс’. Літ. geležìs, лат. dzèlz(i)s ’тс’, ст.-грэч. χαλκός ’медзь’. Покарны (1, 435) дае праформу *ghel(ē̆)ĝh‑. Паводле Трубачова (ВСЯ, 2, 1957, 31–34), які адкідвае думку некаторых папярэднікаў (Мейе, Общеслав., 408) пра запазычаны характар слова, яно звязваецца са словамі, што абазначалі камяні, косці (перанос па падобнасці і функцыі): польск. głaz, рус. глаз ’каменьчык’ > ’вока’, ст.-слав. желы, бел. жаўлак (гл.), грэч. χέλῦς ’чарапаха’, галава (гл.). Тады выдзяляецца і.-е. корань *ghel‑ ’камень’. Улічваючы польск. żeliwo ’чыгун’, ‑z‑о (< *‑gʼh‑) мае суфіксальны характар (Шанскі, 1, Ж, 281). Гл. яшчэ Фасмер, 2, 42–43; Траўтман, 83; БЕР, 535 (дзе этымалогія Трубачова кваліфікуецца як няпэўная).

Жале́за2 ’жалезная рэч’ (у тым ліку ’свяцільня’) (Сл. паўн.-зах.). Пераноснае, паводле матэрыялу, ад жале́за1.

Жале́зка ’чыгунка’ (пераважна ў мове партызан у 1941–1945 гг., ТСБМ). Рус. кіраўск. желе́зка ’тс’ (СРНГ). Утворана на базе спалучэння жалезная дарога ў выніку кандэнсацыі пры дапамозе суфікса ‑к‑а; параўн. чыгунны шлях > чыгу́нка і г. д. (Ісачанка, Slavia, 27, 1958, 338). Магчыма разглядаць і як павышэнне актыўнасці слова, якое існавала яшчэ ў XIX ст., але магчыма новаўтварэнне. Уст. жале́зніца ’чыгунка’ (1881 г.) з укр. уст. желізниця (Жэлях.) ці залізни́ця (Гіст. лекс., 261). Параўн. у Коласа («На ростанях») жалязняк ’чыгуначнік’.