Жалязня́к1 ’парода, што змяшчае жалезную руду’ (ТСБМ). Рус. железня́к, укр. залізня́к, славац. železniak, славен. železnjak ’тс’. Утворана ў выніку кандэнсацыі са спалучэння тыпу жалезны камень. Час утварэння няпэўны, хаця наяўнасць слова ў мовах усіх трох груп, а таксама семантыка і словаўтварэнне (гл. SP, 1, 89) не выключаюць вельмі даўняга яго паходжання.

Жалязня́к2 ’рыдлёўка’ (абл., ТСБМ, Сцяшк. МГ, Сл. паўн.-зах.). Рус. калуж. железня́к, смал. желе́зник ’лапата’. Утворана ў выніку кандэнсацыі са спалучэння жалезная лапата пры дапамозе суфікса ‑як, відаць, даволі позна (XIX–XX стст.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)