Жаламу́сцік ’расліна бружмель, Lonicera L.’ (Касп.), жы́маласць ’тс’ (Кіс.), жаламу́дзіна (Касп., Яшкін), жы́ламаць ’расліна ядловец, Juniperus L.’ (Нас., Юрч.). Рус. жи́молость ’бружмель’, арханг. желому́дина, желомут(ник), желому́стник, калін. желому́дник, желому́стина, пск. желому́дняк, укр. жи́молость, польск. zimołza, чэш. zimolez ’бружмель’, славен. zimolę̀z ’кізіл’, серб.-харв. зи̏мољист ’каліна’. Формы жаламусцік і жымаласць тлумачацца, відаць, метатэзай зычных; гэта і іншыя змены выкліканы пошукам унутранай формы назвы расліны, маюць народна-этымалагічны характар. Этымалогія слова няпэўная: зводзяць да *зимолистъ (Праабражэнскі, 1, 233), *zimozel(en) (Махэк, Jména rostl., 223), *ži‑molztь < ži‑mlza, дзе ‑ml̥z‑ з *ml̥zǫ ’даю, ссу’ (Трубачоў, Дополн., 2, 56), звязваюць з жы́ла (Гараеў, Доп., 2, 12; Шанскі, 1, Ж, 291). Гл. яшчэ Фасмер, 2, 55. Ці не трэба лічыць, прынамсі, для жы́ламаць крыніцай або вытокам уплыву літ. žalùmas, žãlymas ’зялёная расліна, зеляніна’? Гл. яшчэ Трубачоў, ZSl, 3, 5.