Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Дырыжа́бль ’дырыжабль’ (БРС). Рус. дирижа́бль, укр. дирижа́бль. Запазычанне (праз рус. мову) з франц. dirigeable ’тс’. Гл. Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 127.

Дырыжо́р ’дырыжор’ (БРС). Запазычанне з рус. дирижер ’тс’ (у рус. мове гэта новаўтварэнне з пачатку XIX ст. ад дзеяслова дирижи́ровать). Фасмер, 1, 515; падрабязна Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 127–128. Таксама, відаць, узята з рус. дирижи́ровать (< франц. diriger ’тс’) і бел. дырыжы́раваць ’тс’.

Дырэ́ктар ’дырэктар’ (БРС). Рус. дире́ктор, укр. дире́ктор. Лічыцца ў рус. мове запазычаннем з ням. Direktor або польск. dyrektor (першакрыніца — лац. director). Фасмер, 1, 515; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 127 У бел. мову, магчыма, прыйшло з рус. Ст.-бел. директоръ ’духоўны настаўнік’ вядома з XVI ст. (Булыка, Запазыч.) < польск.; яно не звязана традыцыяй з дырэ́ктар у сучасным значэнні. Бел. дырэ́кцыя, рус. дире́кция, укр. дире́кція запазычаны з польск. мовы (dyrekcja; параўн. і Булыка, Запазыч.), але ў сучасным значэнні слова, відаць, узята з рус. Параўн. Фасмер, 1, 515; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 127.

Дысерта́цыя ’дысертацыя’ (БРС). Рус. диссерта́ция, укр. дисерта́ція. Запазычанне з рус., дзе гэта лексема ўзята з польск. dysertacja або ням. Dissertation (першакрыніца — лац. dissertātio ’даследаванне’). Гл. Фасмер, 1, 516; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 134. З рус. мовы запазычаны і бел. дысерта́нт, укр. дисерта́нт (< рус. диссерта́нт; гэта новаўтварэнне да диссерта́ция; адзначаецца з 1927 г.). Гл. Шанскі, там жа, 134.

Дыск ’дыск’ (БРС). Рус. диск, укр. диск. Запазычанне з франц. disque ’тс’ (< лац. discus < грэч.). Гл. Фасмер, 1, 515; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 128.

Дыску́сія ’дыскусія’ (БРС). Рус. диску́ссия, укр. диску́сія. Лічыцца запазычаннем з франц. discussion ’абмеркаванне, дыскусія’ (< лац.). Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 131. Але бел. дыскуці́раваць узята прама з рус. дискути́ровать (< ням. diskutieren < лац.); Шанскі, там жа.

Дыспано́ўка ’распараджэнне’ (Нас.). Кюнэ (Poln., 52) звязвае гэта слова з польск. dysponować, dysponowanie (< лац.). Параўн. яшчэ ст.-бел. диспоновати ’распараджацца, прычашчаць’ (з XVII ст., Булыка, Запазыч., 97) < лац. disponere.

Дыспансе́р ’дыспансер’ (БРС). Рус. диспансе́р, укр. диспансе́р. Запазычанне з франц. dispensaire ’тс’ (< англ. dispensary ’аптэка, амбулаторыя’). Гл. Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 132.

Дыспе́тчар ’дыспетчар’ (БРС). Праз рус. диспе́тчер з англ. dispatcher ’тс’. Падрабязна Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 133.

Ды́спут ’дыспут’ (БРС). З рус. ди́спут ’тс’ < польск. dysput ’спрэчка’ (< лац.). Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 133–134; параўн. таксама Фасмер, 1, 516. Вядомае ў дыялектах ды́спут ’спрэчка’ (Нас., Касп.) запазычана прама з польск. dysput.