Ды́кта ’фанера’ (Сцяц.). Запазычанне з польск. dykta ’тс’ (паходжанне польск. слова няяснае; няма ў Слаўскага і Брукнера). Слова сустракаецца таксама ў форме ды́хта (Шат., Сцяшк.), дыхт (Сцяшк.). Параўн. польск. dychtować, dyktować (< ням. dichten, dicht ’шчыльны’; гл. Брукнер, 106), ст.-бел. дыфтоване (XVII ст.) ’ушчыльненне’ (Булыка, Запазыч., 104: < польск. dychtowanie < ням. dichten).
Дыктава́ць ’дыктаваць’ (БРС). Рус. диктова́ть, укр. диктува́ти. Ужо ў ст.-бел. было дыктовати, диктовати (з XVII ст.), якое Булыка (Запазыч., 103) лічыць запазычаннем з польск. dyktować (< ням. diktieren). Рус. диктова́ть, паводле Фасмера (1, 514), з ням. diktieren або франц. dicter (< лац. dictāre). Шанскі (1, Д, Е, Ж, 120) для рус. слова бачыць непасрэдную крыніцу ў польск. dyktować (< франц. або лац.).
Дыкта́тар ’дыктатар’ (БРС). Ст.-бел. диктаторъ ’тс’ (вядомае з XVII ст.) Булыка (Запазыч., 96) лічыць непасрэдным запазычаннем з лац. dictator. Невядома, ці сучаснае бел. слова працягвае ст.-бел. традыцыю. Рус. дикта́тор Шанскі (1, Д, Е, Ж, 119) лічыць запазычаннем са ст.-слав. диктаторъ (з XII ст.); няпэўна.
Дыктату́ра ’дыктатура’ (БРС). Рус. диктату́ра, укр. диктату́ра. Паводле Шанскага (1, Д, Е, Ж, 119–120), з ням. або франц. моў (з сярэдзіны XIX ст.): ням. Diktatur (< франц.), франц. dictature ’тс’.