Лаўка́ч ’пранырлівы чалавек, які ўмее выгадна ўладкаваць асабістыя справы’ (ТСБМ), ’дзялок, махляр’ (Яўс.). Да лоўкі (гл.). Параўн. лаўчак ’тс’.
Ла́ўма, лэ́ўме ’ведзьма’ (Вяржб.), рус. смал. лаума ’тс’, польск. паўн.-усх. lawma ’русалка’. Балтызм. Параўн. лат. lauma ’ведзьма’, літ. laũmė ’русалка’ (Фасмер, 2, 467; Урбуціс, Baltistica, 5, 64, 156 і 160; Відугірыс, LKK, 1960, 3, 237; Лаўчутэ, Балтизмы, 31).
Ла́ўнік 1 ’чыноўнік магістрата, які мае права засядаць на дзяржаўнай лаве’ (Нас.), ’член суда’ (Гарэц., Др.-Падб.), ст.-бел. лавникъ ’тс’ (1514 г.), смал. лавник ’чалавек, які выганяў сялян на паншчыну’. Да лава 5 (гл.). Запазычана са ст.-польск. ławnik або пад яго ўплывам (Слаўскі, 5, 55; Булыка, Запазыч., 21). Параўн. запазычанае з польск. таксама ўкр. лавник, лавний, рус. архаічнае лавник, літ. lóvininkas, lóvynykas.
Ла́ўнік 2 ’старшы плытагон’ (дняпроўска-прыпяцкі арэал, Лобач, Рэгіян. трад.). Да ла́ва 2 (гл.).
Лаўр ’лаўр высакародны. Laurus nobilis’, ’вянок з лісця гэтага дрэва (ці куста) або галінка як сімвал перамогі, узнагароды’ (ТСБМ). Укр. лавр, лавір, лаврина, рус. лавр, польск. laur. З лац. laurus (Міклашыч, 161; Бернекер, 1, 695; Фасмер, 2, 445).
Ла́ўра ’назва буйнога мужчынскага манастыра’ (ТСБМ), рус. лавра, ст.-рус. лавра, ст.-слав. лавра з с.-грэч. λαύρα ’манастыр, келля’ < ст.-грэч. λαύρα, эп.-іон. λαύρη ’вуліца, завулак’, ’праход у лагчыне, цясніне’ (Фасмер, Этюды, 108; Бернекер, 1, 695; Слаўскі, 5, 56).
Лаўрэа́т ’званне, якое прысуджаецца за выдатныя заслугі ў галіне навукі, мастацтва і г. д.’, ’асоба, удастоеная такога звання’ (ТСБМ). Паходзіць з лац. laureātus ’увенчаны лаўрам’ < laurea ’лаўр, перамога, слава’ < laureus ’лаўровы’ < laurus ’лаўр’ (Слаўскі, 5, 78 з літаратурай). У бел. мову лексема, відаць, трапіла з рус., дзе з XIX ст. лічыцца запазычаннем з франц. lauréat (КЭСРЯ, 235). Да лаўр (гл.).
◎ Лаўцу́-саўцу́ ’пажаданне поспехаў паляўнічаму, рыбаку’ (Касп.). Да лавёці (гл.). Другая частка выразу, відавочна, звязапа з назвай дзікай качкі-крохаля — савук (Інстр. 2). Параўн. таксама саўлюк ’абы-што’ (Вяр.).
◎ Лаўча́к ’лаўкач’ (Янк. III). Да лоўкі (гл.). Аб суф. ‑ак гл. Сцяцко, Афікс. наз., 130–132.
Лаўчы́цца ’знаходзіць зручны момант, каб спрытным рухам зрабіць што-небудзь’ (ТСБМ). Да лоўкі (гл.), як мя́ккі — мякчыць.
Лаўшэ́нь ’ляўша’ (віл., Сл. паўн.-зах.). Да ле́вы (гл.). Утвораны ад назоўніка лявуш або ляўшня. Пачатковае ацвярдзенне л‑ мае нерэгулярны характар. Аб суф. ‑энь гл. Сцяцко., Афікс. наз., 152. Параўн. таксама ляўшэнь.