Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Прыскле́плівацца ’прыставаць, чапляцца’ (Юрч.). Няясна; магчыма, корань той жа, што і ў заскле́плены ’запячатаны (пра мёд)’ (гл.), польск. zasklepić, zasklepiać ’залепліваць, запячатваць, склейваць’.

Прыско́лак ’гнуткая палка’ (Сл. ПЗБ). Гл. аско́лак.

Прыскры́нак ’скрыначка ў куфры на бакавой сценцы для захоўвання дробных рэчаў’; ’бакавая скрынка ў стале’ (Гарэц., Байк. і Некр., Др.-Падб., Растарг., Інстр. 1, ТСБМ, Жд., Сл. ПЗБ), прыскры́нок, прыскры́нэк, прыскры́нёк, прыскры́ня, прыскрэ́нак ’баковачка ў куфры’ (ТС, Сл. Брэс.; драг., Жыв. НС), пры́скранек ’тс’ (Ян.), прыскры́нек ’невялічкі засек у куфры’ (Янк. 2), прыскры́нык ’скрыначка ў сярэдзіне сундука для дробных рэчаў’ (Бяльк.), прыскры́нак ’адгародка ў скрыні, куды складваюць мяхі’ (Жд.). Прэфіксальна-суфіксальны дэрыват ад скры́ня (гл.), параўн. рус. прискри́нок, укр. прискри́нок ’тс’. Гл. таксама Запрудскі, дыс., 143.

Прыску́ра ’просвіра’ (Мат. Гом.), Р. скл. мн. л. прыскуров ’тс’ (Нік. Очерки.). Гл. праскура.

Прысле́дзіць ’прасачыць’ (віл., Сл. ПЗБ). Укр. присліди́ти ’высачыць’. Гл. след.

Прысло́н, прысло́нь, пры́слань, прысло́нік, прысло́ны ’месца, якое добра асвятляецца сонцам’; ’схіл гары, звернуты да сонца; сонечны бок’ (полац., Нар. лекс.; в.-дзв., даўг., брасл., маст., Сл. ПЗБ), прысло́ньне ’чырвоны слуп над сонцам на захадзе’ (кобр., Нар. лекс.), пры́сонне ’круг вакол сонца’ (Клім.). Спалучэнні прыназоўніка пры (гл.) і назоўніка *слонь, *сонь, што перадаюць старую форму прасл. *sъlnь ’сонца’, якая была заменена ў славянскіх мовах вытворным з памяншальным суфіксам *sъlnьce — літаральна ’сонейка’. Параўн. форму з поўнагалоссем рус. по́солонь ’па сонцу’, гл. Фасмер, 3, 340.

Прысло́ўе ’прыгаворка, хадавы выраз, прымаўка’ (Нас., Гарэц., Байк. і Некр., Др.-Падб., Касп., ТСБМ), прысло́віца, прысло́ўка ’тс’ (ТС), пры́слаўе ’прымаўка’ (Яруш.), прыслове, прысло́вя, прысло́віца ’прымаўка’ (ваўк., воран., Сл. ПЗБ), сюды ж і прысло́ўе ’нязменная часціна мовы, якая абазначае прымету дзеяння, стану і якасці’ (Гарэц., Байк. і Некр., Др.-Падб., ТСБМ). Рус. дыял. присло́вка, присло́вье ’прыгаворка, прымаўка’, укр. прислі́вʼя, прислі́вник ’прыказка, прымаўка’, прислі́вник ’прыслоўе — нязменная часціна мовы’, польск. przysłowie ’выслоўе’, przysłówek ’adverbium’, в.-луж. přisłowo ’прымаўка’, н.-луж. pśisłowo ’тс’, чэш. přisloví ’выслоўе’, přislovce ’adverbium’, славац. príslovie ’выслоўе’, славен. prislòv ’прыслоўе’. Дэрываты ад слова (гл.), відаць, кандэнсацыя выразу пры слове, якая была аформлена рознымі суфіксамі. Як граматычны тэрмін, калька з заходнеславянскіх моў, у якіх ён у сваю чаргу калькуе лац. adverbium (ad‑ — пры, verbum — дзеяслоў, слова) (гл. Голуб-Ліер, 402; Сной₂, 579; Банькоўскі, 2; Шустар-Шэўц, 2, 1179; ЕСУМ, 4, 577).

Прыслу́га ’паслуга’ (Нас.), таксама прыслуга́ч ’той, хто прыслужваецца перад кім-небудзь’ (ТСБМ), прыслуга́цель ’тс’ (ТС). Гл. слуга, служачы. Параўн. яшчэ польск. przysługa ’паслуга’, адкуль, відаць, улічваючы рэдкасць ужывання, гэтае значэнне ў беларускай мове.

Прыслю́знуць ’аслізнуць’ (шальч., Сл. ПЗБ). Да слюз (гл.).

Прысляпі́ць (прысьляпі́ць) ’прываражыць, прычараваць’ (пух., З нар. сл.), прысляпі́цца ’прыстаць, прычапіцца’ (Жд., Мат. Гом.; люб., Жыв. НС). Да ляпіцца, ліпнуць (гл.) пад уплывам фразеалагізма сляпіцаю лезці (у вочы) ’нахабна, назойліва лезці’.