Прысло́ўе ’прыгаворка, хадавы выраз, прымаўка’ (Нас., Гарэц., Байк. і Некр., Др.-Падб., Касп., ТСБМ), прысло́віца, прысло́ўка ’тс’ (ТС), пры́слаўе ’прымаўка’ (Яруш.), прыслове, прысло́вя, прысло́віца ’прымаўка’ (ваўк., воран., Сл. ПЗБ), сюды ж і прысло́ўе ’нязменная часціна мовы, якая абазначае прымету дзеяння, стану і якасці’ (Гарэц., Байк. і Некр., Др.-Падб., ТСБМ). Рус. дыял. присло́вка, присло́вье ’прыгаворка, прымаўка’, укр. прислі́вʼя, прислі́вник ’прыказка, прымаўка’, прислі́вник ’прыслоўе — нязменная часціна мовы’, польск. przysłowie ’выслоўе’, przysłówek ’adverbium’, в.-луж. přisłowo ’прымаўка’, н.-луж. pśisłowo ’тс’, чэш. přisloví ’выслоўе’, přislovce ’adverbium’, славац. príslovie ’выслоўе’, славен. prislòv ’прыслоўе’. Дэрываты ад слова (гл.), відаць, кандэнсацыя выразу пры слове, якая была аформлена рознымі суфіксамі. Як граматычны тэрмін, калька з заходнеславянскіх моў, у якіх ён у сваю чаргу калькуе лац. adverbium (ad‑ — пры, verbum — дзеяслоў, слова) (гл. Голуб-Ліер, 402; Сной₂, 579; Банькоўскі, 2; Шустар-Шэўц, 2, 1179; ЕСУМ, 4, 577).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)