Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Прыме́тнік ’часціна мовы, ад’ектыў’ (ТСБМ). Фіксуецца з пачатку XX ст. (Красней, Бел. лекс., 90). Відаць, запазычана з польск. przymiotnik ’тс’ (з першапачатковага imię przymiotne як пераклад лац. adiectivus, г. зн. ’імя, якое перадаецца, дадаецца’, гл. Банькоўскі, 2, 941–942); гл. таксама Кюнэ (Poln., 90). Булахаў (Развіццё, 43) у якасці ўзору дапускае укр. прикме́тник ’тс’, што менш верагодна.

Прыме́ць ’магчы, змагчы; мець сілу, магчымасць’; каб прыме́ў ’калі б мог’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Байк. і Некр., Некр., Янк. 2, Янк. БП, Жд.; слонім., Жыв. НС), прыйме́ць ’магчы’ (ТС), приме́тсь ’папасці ў рукі’ (Шпіл.). Прэфіксальнае ўтварэнне ад мець (гл.). Рус. бранск. приме́ть ’магчы’, укр. примі́ти ’тс’, пре́міч ’сіла, найбольшая моц’.

Прымі́ж, прымі́ш ’паміж’ (Бяльк.; в.-дзв., Сл. ПЗБ), пры́меж ’між’ (Нас.). Прэфіксальнае да між1 (гл.) < прасл. *medji (ЭССЯ, 18, 48–49, толькі са ст.-бел. адпаведнікамі; ЕСУМ, 3, 472); сінонім аг.-бел. памі́ж. Параўн. аналагічныя рус. смал. при́миж ’між, паміж’, варонеж. прими́ж ’тс’.

Пры́міна ’жэрдка, якой прыціскаюць салому на страсе’ (ганц., Сл. ПЗБ), таксама пры́мі́ца, прамі́ца, прімні́ца ’паплёт (у страсе паверх саломы)’ (лун., Шатал.; ц.-палес., Нар. сл.; ТС; стол., ЛА, 4), мн. л. прі́мыцы ’пруты, якімі замацоўваецца салома на страсе’ (Шушк.), пры́мкі ’жэрдкі ў страсе’ (трак., Сл. ПЗБ); сюды ж больш далёкае ад словаўтваральнай асновы пры́йма ’тс’ (пін., Нар. сл.) з эпентэзай, якая, магчыма, з’явілася ў выніку народнаэтымалагічнага збліжэння з пры́ймаць. Утворана ад прыміна́ць/прымя́ць, гл. мяць. Інакш Лаўчутэ (Балтизмы, 126), якая звязвае назвы на ‑іц‑ з літ. prìemietis, дыял. prýmietis, мн. л. prýmiečai ’калок, які ўваткнуты каля плотавага кала; падпорка, падбойка’, што фармальна цалкам верагодна, але семантычна няпэўна. Гл. прыні́ць.

Прымінтрэ́жыць ’перашкодзіць’ (астрав., Сл. ПЗБ). З пашырэннем семантыкі да мінтрэ́жыць ’хваляваць, трывожыць’, якое, у сваю чаргу, ад мінтрэ́га < мінтрэ́нга (гл.), запазычанага з польск. mitręga ’перашкода’.

Прымі́рлівы ’памяркоўны’ (бых., ЛА, 3). Прыставачна-суфіксальнае ўтварэнне ад мір1 (гл.). Параўн. аналагічнае ўкр. прими́рливий ’які спрыяе, садзейнічае прымірэнню; які вызначаецца беспрынцыпнасцю, цярпімасцю, памяркоўнасцю’.

Прымісцігава́цца экспр. ’прыладзіцца’ (воран., Сл. ПЗБ). Прэфіксальнае ўтварэнне да незафіксаванага *місцігава́цца, экспрэсіўнага карэляту мясці́цца, гл. ме́сціць.

Прымкну́ць ’закрыць, зачыніць няпоўнасцю; прысунуцца блізка, шчыльна да чаго-небудзь; стаць прыхільнікам, удзельнікам у якой-небудзь справе’ (ТСБМ), ’замкнуць ненадоўга’, прымкну́ты ’тс’ (брасл., драг., Сл. ПЗБ), прымукну́ць, прымыкну́ць ’замкнуць ненадзейна’, прыму́кваць ’прымацоўваць’ (ТС); сюды ж з развіццём значэння ’далучыцца’ зваротнае прымкну́цца ’ўзяцца шчыра (за работу)’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Да рэдкага мкнуць ’пацягнуць, ударыць дубцом’, ’кінуцца бегчы’, мкну́цца ’крануцца з месца; ударыцца; паткнуцца’ (Нас.), гл. мкаць. Усходнеславянскае ўтварэнне, параўн. рус. примкну́ть ’далучыцца’, дыял. примкну́ться ’далучыцца’, ’налегчы (на вёслы)’, укр. примкну́ти ’прычыніць, зачыніць няпоўнасцю; стаць прыхільнікам, паслядоўнікам чаго-, каго-небудзь’.

Пры́мніца ’чатырохкантовая частка рамы ў варотах’ (ТС). Няясна. Магчыма, да пры́міца, пры́міна (гл.), што можа разглядацца як адаптаваны балтызм.

Прымо́л ’круты бераг ракі’, прымо́лісты ’круты, абрывісты’ (ТС). Відаць, той самы корань, што і ў балг. подмо́л ’бераг, навісшы над ракой’, славен. podmòl ’размыты ракой бераг’, славац. podmoľ ’размытае (падмытае) вадой месца’, што да прасл. *podъmolъ, *podъmoljь ад *podъmelti, параўн. славац. podomlieť ’размыць, падмыць, падкапаць’, в.-луж. podmlěć ’падмыць, падкапаць (бераг)’ пры зыходным mlěć (гл. мало́ць); аналагічна чэш. výmol, славац. výmoľ ’нара, вымытая вадой’, рус. вымол ’прыстань’ (Бернекер, 2, 74; БЕР, 5, 458). Адсутнасць фіксацыі адпаведнага дзеяслова, які лёгка ўзнаўляецца на падставе дзеясловаў тыпу прывары́ць ’зварыць, прыгатаваць’, прыморы́ць ’змарыць’ (ТС) і пад., не можа выклікаць сур’ёзных пярэчанняў супраць названай версіі. Аднак сувязь з *melti трактуецца як другасная, што паўплывала на выцясненне першаснай аманімічнай асновы *‑mьlěti, *‑milati, *‑moliti са значэннем ’выступаць, паказвацца з-за чаго-небудзь’, якая параўноўваецца з алб. mal ’узгорак з крутымі схіламі; абрыў; бераг’ (падрабязна пра апошняе Бярнар, Бълг. изсл., 264), лат. mala ’край, бераг’ і пад. (Куркіна, Этимология–1973, 34–37); супраць роднасці з названымі формамі Трубачоў (ЭССЯ, 9, 49), вяртаючыся да зыходнага *melti, *molъ ’малоць, церці’. Калужская (Палеобалк. реликты в совр. балк. языках. М., 2001, 126) тураў. прымо́л звязвае з грэч. προμολή ’падэшва гары; выток ракі’ і далей з алб. mal, арум. mal ’бераг’, літ. malá ’край, вобласць’, jũrmala ’марское ўзбярэжжа’, лат. jūrmala ’марскі бераг’, ст.-ісл. mǫl ’вал з дробнага камення ўздоўж берага’, а таксама славен. móla ’выступ, балкон, вастрыё’, ’уздоўж’ разам з усімі названымі формамі да і.-е. *mol‑ ’выступаць, выдавацца’. Магчыма, тут назіраецца супадзенне слав. *molъ (< *melti) з субстратным коранем, вядомым у больш шырокім значэнні на значнай індаеўрапейскай тэрыторыі. Сувязь з мул ’іл’, якая прапануецца для ўкр. ви́мул ’вымытае паглыбленне’ (ЕСУМ, 3, 532), здаецца малаверагоднай, параўн. приму́лина ’нанесены вадой глей, мул’. Гл. таксама Глухак, 505: promóliti (se).