Між1, мі́жы, між‑ ’паміж, сярод’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Касп., Бяльк., Растарг., Янк. 2, ТС, Сл. ПЗБ; мядз., Жыв. сл.), ст.-бел. мижъ. Да меж, межы (гл.). Карскі (1, 187) разглядае пераход е > і як несапраўдны, які ўзнік таму, што прыназоўнік між, з’яўляючыся праклітыкай, страціў свой націск, у выніку чаго ‑е‑ звузілася і перайшло ў ‑і‑. Сюды ж шматлікія ўтварэнні з першай часткай між‑: міжсобі, міссобку, міжсобку ’паміж сабой’ (КЭС, Бяльк.; іўеў., Сцяшк. Сл.), міжакры́лы ’частка цела паміж лапаткамі’ (Касп.), міжсошша ’адлегласць паміж сохамі ў гумне’ (Бяльк.), міжывоч ’між вачэй’ (ТС), міжы́калядзь ’святы ад каляд да шчадрухі’ (Шат.), або з яго варыянтам міз‑: мізо́градак ’разора’ (жлоб., Мат. Гом.).

Між2 ’мяжа паміж сялянскімі палямі’ (малар., Выг. дыс.). Генетычна да мяж́а (гл.). Адсутнасць канчатка: уплыў прыназоўніка між1 ці працэс адваротны, як укр. миш > ми́ша ’мыш’?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)