Прыні́ць (прыні́ці) ’прымацоўваць паплёт паверх саломы’, пры́ні́ца, прані́ца, прыні́цы ’паплёт (у страсе паверх саломы)’ (ТС; лун., столін., ЛА, 4). Падаецца, што можна прапанаваць два шляхі ўтварэння дзеяслова. Найбольш верагодны — вытворны адсубстантыўны: ад назоўнікаў пры́ні́ца, прані́ца, прыні́цы, якія ў сваю чаргу утварыліся як размоўныя другасныя карэляты першасных пры́мі́ца, прамі́ца, параўн. асабліва прімні́ца ’паплёт (у страсе паверх саломы)’, гл. пры́міна. Другая магчымасць — семантычны перанос з адначасовым сцяжэннем ткацкага тэрміна прыні́ціць ’прывязаць кабылку ў ніце’ (брагін., Нар. сл.), прэфіксальнае да ні́ціць (гл.), у гэтым выпадку назоўнікі кшталту пры́ні́ца маюць аддзеяслоўнае паходжанне.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)