Прыку́р: ён бага́ты прыку́р за ёй узёў (пух., Жд. 1). Цёмнае слова, магчыма, звязанае са ст.-бел. преикур ’прымак’ (< літ. preykur (Лаўчутэ, Балтизмы, 95), рэдк. preikuras ’прымак; зяць, прыняты ў дом жонкі’). Нельга, аднак, выключыць, што гэта т. зв. “лексікаграфічны фантом”, у якім пры аналізе зробленага рукапіснага запісу былі пераблытаны р і п; такім чынам першасная форма магла выступаць у выглядзе прыку́п с празрыстай семантыкай.
Прыку́сны ’тонкі, гнуткі, які добра прыстае, пякуча б’е’ (карэліц., Жыв. сл.). Да куса́цца, зваротнага ад куса́ць (гл.) у пераносным значэнні ’моцна пячы, раздражняць скуру’. Да семантыкі параўн. рус. дыял. з далейшым развіццём прику́сина ’дасціпны выраз (слова, фраза і пад.); досціп, востры жарт’.
Прыку́таць, прыку́таць ’закрыць, прыкрыць, прычыніць’ (Ян., Бяльк., Растарг.), таксама прыху́таць ’пахаваць’ (Жд.), з развіццём семантыкі прыку́таць ’прымусіць’ (Ян.); сюды ж аддзеяслоўнае прыку́тка ’прыкрыццё (напр., дзвярэй)’: нещитная прикутка дзверей (Нас.). Прэфіксальнае ўтварэнне ад ку́таць ’закрываць’ < прасл. *kǫtati/*kutati. Параўн. рус. дыял. прику́тать ’захутаць, добра ўкрыць’, ’пакрыць (пра зямлю)’, ’закрыць, прыкрыць; зачыніць’, укр. прику́тати ’прыкрыць, захутаць зверху’.
Прыку́ць ’прыкаваць; прымусіць’ (Нас., Байк. і Некр., Бяльк., ТСБМ). Да ку́ць, словаўтваральнага карэляту кава́ць (гл.) з субстытуцыяй ‑ав‑ > ‑у‑. Параўн. укр. прику́ти ’прыкаваць’.
Прыкуча́ць ’надакучваць’ (Нас.). Прэфіксальнае ўтварэнне ад слаба зафіксаванага ку́чыць з той самай семантыкай (Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), якое ў форме *куча́ць больш вядома ў прыставачных утварэннях, параўн. дакуча́ць/даку́чыць, надаку́чыць (гл.). Бяспрэфіксны дзеяслоў узыходзіць да прасл. *kučiti (sę). Параўн. арэальна блізкія смал. прику́чить ’тс’, прику́чливый ’сумны, невясёлы; дакучлівы’.
Прыкушмэ́рыцца ’падхадзіцца, упыніцца з дамашняй работай’ (стаўб., Жд. 2). Прэфіксальнае ўтварэнне ад незафіксаванага *кушмэ́рыцца, фанематычнага карэляту кушма́рыцца ’гуляць з агнём; важдацца’ (стаўб., Нар. сл.), зваротнага ад *кушмэ́рыць, параўн. кушме́рыць ’горача напальваць печ’ (гл.). Усе да кухма́рыць/кухма́рыцца (гл.).
Прыла́вак ’падстаўка’ (Мат. Гом.), прыла́вок ’выступ каля печы’ (ТС). Да ла́ва 1 (гл.) з развіццём семантыкі, якое працягвае прасл. *lava (ЭССЯ, 14, 52–55; ЕСУМ, 3, 175–176).
Прыла́дзіць ’прымацаваць, прырабіць; падрыхтаваць; падагнаць’ (Нас., ТСБМ), прыла́дзіць, пріла́дзіць ’тс’ (Бяльк.); сюды ж прыла́дзісты ’зручны ва ўжыванні, спрытны’ (Нас.) і аддзеяслоўныя назоўнікі прыла́да ’прыстасаванне, прыбор, механізм’ (Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Яруш., Бяльк., ТСБМ), таксама вытворныя: прыла́дак ’прыбор’ (ТСБМ), пріла́дка ’дастасаванне’ (Бяльк.), зборн. прыла́ддзе ’прылады’ (Нар. Гом.). Да ла́дзіць (гл.). Рус. дыял. прила́дить ’зрабіць, прыгатаваць’, укр. прила́дити ’прыладзіць’.
Прыладня́цца ’прыстасоўвацца’ (жлоб., Нар. словатв.). Верагодна, як і ладна́ць ’рыхтаваць’ (гл.), з укр. приладна́тися ’прыладзіцца’, приладна́ти ’прыладзіць’. Аб гэтым жа сведчыць арэал рус. дыял.: кур. приладня́ться ’падладжвацца, падлізвацца да некага’, бранск., арл. приладня́ть ’прыладзіць, прымацаваць што-небудзь’.
Прылажы́цца ’набыць навык’: не магла прылажыцца па‑руску гаварыць (смарг., Сл. ПЗБ). Да прылажы́ць < лажы́ць (гл.) з пашырэннем семантыкі. Параўн. укр. приложи́ти ’прыстасаваць’.