Куса́ць ’хапаць, раніць зубамі’ (ТСБМ, Нас., Сл. паўн.-зах., ТС, Касп., Сержп. Пр., Яруш.). Укр. кусати, рус. кусать ’тс’, балг. късам, серб.-харв. ку́сати, славен. kósiti ’тс’, польск. kąsać, чэш. kousati, славац. kúsať, в.-луж. kusać, н.-луж. kusac ’тс’. Прасл. kǫsati ўтворана ад kǫsъ (< *kǫdsъ). Параўн. літ. ką́sti, kándu ’кусаць’, лат. kuôst, kuôdu ’тс’. Іншыя індаеўрапейскія паралелі менш надзейныя. У даным выпадку назіраецца страта першаснага дзеяслова (як гэта характэрна для славянскіх моў) і замена яго адыменным дзеясловам (Бернекер, 601; Траўтман, 116).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)