Нацямкі́ (ны‑цямкі́) ’на вакамер’ (віц., Мат.). Са спалучэння на цямкі (назоўнік у він. скл. мн. л., гл. Карскі 2-3, 7), да цямкі́ ’прамая на вока дарога’ (Нас.), цеміць ’глядзець у цёмную далечыню з напружаннем’ (Нас.). Гл. нацянькі́.
Нацянькі́ ’напрасткі, бліжэйшай дарогай’ (Гарэц., Др., Яруш., Некр., Бяльк., лях., Янк. Мат., Сцяшк.), ’кароткім шляхам’ (Сл. ПЗБ), наценькі́ ’напрамік, наўпрост’ (слуц., Нар. словатв., ТС), параўн. нацянёк ’кароткім шляхам’ (лаг., Сл. ПЗБ), укр. давати натеньки́ ’намякаць’. Да цянькі́ ’бліжэйшая прамая, але глухая, цяністая ці небяспечная дарога, ідучы па якой лёгка збіцца’: Цянькі бываюць на тры дзянькі (Нас.), Цянькі дома не начуюць (Сл. ПЗБ), як відаць, звязанае з цень, цянёк, параўн. дыял. на́цень ’тс’, што можа быць вынікам народнай этымалогіі; параўн. іншую версію: з на‑цям‑кі, ад цяміць ’помніць, кеміць, заўважаць’ (Шуба, Прыслоўе, 141). Гл. папярэдняе слова.