Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Лягу́ша ’конь, які брыкаецца’. Да ляга́цца (гл.). Гл. і наступнае слова. Да генетычнай тоеснасці лягушка і лягацца параўн. рус. свярдл. лягу́н ’конь, які моцна брыкаецца’ і арл., бран. лягу́н ’самец жабы’.

Лягу́шкацца ’гушкацца’ (зэльв., Сцяшк. Сл.). У выніку кантамінацыі лексем ⁺ляга́цца ’калыхацца, гайдацца’ (параўн. арханг., наўг., валаг. лягаться ’тс’) і гу́шкацца ’гойдацца’. Лексема ляга́цца ’хістацца’ з’яўляецца роднаснай з чэш. líhati ’рухаць, шавяліць’, літ. lingúoti ’калыхаць’ і г. д. Гл. ля́га1.

Лягча́й ’вылітая ў вадзе знахарам фігура, якая дапамагае канавалам замазваць ёю рану (гарачымі легчаямі) пры кастрацыі быкоў’ (Сержп. Борт.). Да лягча́ць (гл.). Аб суфіксе гл. Сцяцко (Афікс. наз., 23).

Лягча́ць, ляхча́ць ’пакладаць (жывёл)’ (Нас., Бяльк., Шат., Касп., Юрч.; маладз., Янк. Мат.; ТСБМ). Рус. легча́ть, легчить. Да лёгкі (гл.) > лягчэй > рабіць лягчэй > лягча́ць. Сюды ж ле́гчыць ’патрабаваць злучкі (аб свінні)’ (Касп.), хаця семантыка разглядаемага слова значна адрозніваецца.

Лягчэць ’паляпшацца (аб самаадчуванні)’, ’памяншацца ў вазе’, ’цяплець (у безасабовай форме ле́гчаіць)’ (Нас., Касп., Яруш., ТСБМ). Да лёгкі (гл.), лягчэй.

Ляд1 ’няшчасце, няўдача’ (Булг.). Роднаснае з рус. ляд ’д’ябал, нячысцік, якое выводзяць з ледачий ’шалапутны, нічога не варты’ або з польск. ladaczy (ladacy) ’д’ябал’. Гэта нібыта пацвярджаюць і бел. лядашчыц ’нячысцік’, лядашцік ’злы дух’ (Нас.). Паводле Карскага (Труды, 205), лядъ лічыцца таксама паланізмам, што можна аспрэчваць. Бел. ляд з’яўляецца працягам прасл. паўн. lędъ ’д’ябал’, які названы так паводле яго месцазнаходжання — на лядах, параўн. аналагічна хлеўнік, амшанік, балотнік (Талстой, Геогр., 142–143). Развіццё семантыкі ў адмоўным напрамку, як і ў бел. чартаўшчына ’што-небудзь незразумелае, неверагоднае, недарэчнае’, якое ад чорт. Бел. ляд мае адпаведнікі ў рус. народных гаворках са значэннямі: ’бяда, няшчасце’, ’хвароба, немач’, ’усё ні да чаго не патрэбнае’. Сюды ж маст. ляда ’цяжка’ (Сл. ПЗБ).

Ляд2 ’прагаліна на полі, дзе не ўзышло збожжа або бульба’ (кам., ДАБМ, 957), ’поле на месцы высечанага лесу ці пажарышча’ (пруж., Яшк.). Роднаснае да ляда1 (гл.). Прасл. lęd‑ъ (параўн. рус. валаг., калін. ляд ’нізкае балоцістае месца’, ’сырая паляна’, арханг. ’лядная сістэма земляробства’ ўжывалася разам з lęd‑a і lęd‑o, як і іншыя словы з суфіксамі на ‑nъ (‑na, ‑no) і ‑tъ (‑ta, ‑to), — больш падрабязна гл. Аткупшчыкоў (Из истории, 162, 163).

Ляд3 у назве расліны мышый ляд ’гарошак мышыны, Vicia crassa L.’ (драг., Нар. лекс.). Да ля́да2 (гл.) або да яд (?).

Ляда1 (ж. і н.), ля́до, лядо́, ле́до, ля́ды, ля́дзіна ’дзялянка высечанага лесу, хмызняку; высека’, ’расчышчанае месца ў лесе пад пасеў або пад сенажаць’ (ТСБМ, Гарэц., Зн., Нас., Растарг., Шн. 2; усх.-бел. ДАБМ, к. 337), а таксама ’пакінутая зямля’, ’дзікае месца’, ’пожня’, ’цаліна’, ’поле ў кустах’, ’неаранае поле са свірэпай’, ’вялікае поле’, ’будынак, у якім ніхто не жыве’ (ДАБМ, к. 337; Яшк.; Талстой, Геогр.; Растарг.), ’месца, якое зарасло густым, маладым лесам’, ’сухадольны лес’, ’харошы лес’, ’сасновы лес’, ’востраў, дзе добра расце сасна’, ’чубок лесу сярод поля’, ’цёмны лес’, ’месца з высечаным лесам, дзе ляжыць галлё’ (Маш., ДАБМ, к. 337); ля́давіца, лядцо, лядца, лядзечка, лядцовічка ’невялікі ўчастак ляда’, лядзішча ’поле на высечцы’ (Яшк.), ’месца, прыдатнае для ачышчэння ад зарасніку’ (Нас. Доп.). Укр. н.-валын. лядо ’высокае месца ў лесе, дзе расце будаўнічы лес’, палес. ’невялікая плошча сярод лесу’; лядина, ровенск. лядо́ва (лядова́та) сосна ’смалістая хваіна’, ’стрыжань хваіны ці яліны’, рус. ля́да, ляда́, дя́дина — вельмі шмат значэнняў, большасць з якіх аналагічная да бел.; польск. lędzina, каш. lëʒëna, laʒëna, ladzina ’пожня’, назвы азёраў Lendo, Polędzie; палаб. lʼǫdü ’ралля’, н.-луж. lědo, lěda, lědy (мн. лік) ’пустка, неапрацоўваемая зямля, папар’, в.-луж. lado, lada ’тс’; чэш. lado, lada ’тс’, славац. ležať ľadom ’ляжаць лядам’; славен. ledína ’аблога’, ledič ’лясны луг’, серб.-харв. лѐдина, леди́на ’неапрацоўваемае поле, пакрытае дзірваном’, макед. ледина ’аблога’, лендина ’лясная паляна’, балг. леда ’аблога’, ле́дина, леди́на ’тс’, ’лясная паляна’, ц.-слав. лѧдина ’аблог’. Прасл. lędo, lędina ’неапрацоўваемая зямля’ (Слаўскі, 4, 201; Мартынаў, Лекс. взаим., 144) ці, увогуле, ’зямля, не прыдатная для апрацоўкі’ (Талстой, Геогр., 137); і.-е. адпаведнікі: ст.-прус. lindan ’даліну’, швед. linda ’папар’, гоц. land ’зямля, поле’, ірл. land, lann ’плошча, адкрытае месца’ — усе да і.-е. *lendho‑ (Траўтман, 157; Бернекер, 1, 705; Брукнер, 289; Фасмер, 2, 549; Махэк₂, 317; Скок, 2, 284; Бязлай, 2, 130; Трубачоў, Эт. сл., 14, 44–48). Мартынаў (БЛ, 6, 79) параўноўвае бел. ляда з літ. lyda ’вырубка (лесу)’. Сюды ж ляда біць ’ускопваць’ (клім., БНТ, Лег. і пад.), ля́дны ’з ляда’; лядныя сена ’сена з ляда’ (Юрч., Вытв.). Тарнацкі (Studia, 53–54) і Папоўска–Таборска (Бел.-польск. ізал., 105–106) адзначалі палес.-каш. ізалексу са значэннем ’пожня’.

Ля́да2, ля́до ’гарошак плотавы, Vicia sepium L.’ (нясв., КЭС; гродз., Кіс.), ’мышыны гарох’ (пін., Шатал., ТС), ’віка’ (Мікуц.), ’гарошак’ (лях., стаўб., Сл. ПЗБ). Укр. ляд, лядве́ць, лядвене́ць, ля́дник, рус. ля́двенец, ля́дник, польск. lędziaj, lędziej, leńdziak і інш., якія ў слав. мовах называюць розныя расліны, — усе да прасл. lędo (> ляда1) з першасным значэннем ’расліны, якія растуць на лядзе, на аблогу’ (гл. Слаўскі, 4, 201–202). Пасля гэта сема замацавалася за асобнымі раслінамі.

Ляда3, ляды ’бруд у хаце’ (талач., КЭС), ’непарадак’, ’шкода’ (зах.-віц., ДАБМ, к. 337; Сл. ПЗБ), ’пустазелле’ (Сцяшк.), ’пустазелле ў абмалочаным збожжы’ (зах.-бел., палес., ДАБМ, к. 337; кругл., Мат. Маг.). Да ля́да1. Талстой (Геогр., 141) уключае гэтыя лексемы ў семантычны ланцуг: ’лес’ ∼ ’лісцевы лес’ ∼ ’хмызняк’ ∼ ’сучча’ ∼ ’пустазелле ў абмалочаным збожжы’ ∼ ’смецце, бруд’. Сюды ж в.-дзв. ля́дам‑градам ’у беспарадку’ (Сл. ПЗБ).

Ля́да4, лядо ’драўлянае карыта ў сячкарні’ (гродз., брэсц., ДАБМ, к. 337; Сцяшк., Нар. лекс.), ’сячкарня’ (маст., Шатал.), ’калода, на якой рэжуць касой салому для жывёлы’ (пруж., кам., ДАБМ), ’набіліцы’ (Сцяшк., Сцяц., Жд. 1, ЛАПП, Тарн.; пін., КЭС; Шатал., Мат. Маг., ТС, Сцяшк. Сл.; ДАБМ, к. 337), ’дзверы ў пограб, у склеп’, ’прылавак у магазіне’ (Растарг.; ельск., Мат. Гом.); ’верхняя частка церніцы’ (маст., Сл. ПЗБ); ляда, лядо, лядь ’прылада для падымання цяжкіх прадметаў’ (зах.-бел., ДАБМ, к. 337; Словаўтв., Нар. сл., Нар. лекс., Нар. словатв., Мат. Гом., ТС, Сцяшк., Клім., Сл. ПЗБ), лядава́ць ’паднімаць, класці бярвенне на воз пры дапамозе ляды’ (гродз., Нар. сл., слонім., Нар. лекс.). Запазычаны праз польск. мову з ням. Lade (Weberlade, Ladebaum) ’скрыня, шуфляда’, ’набіліцы’, ’ляда для паднімання цяжкіх прадметаў’, с.-в.-ням. lada ’скрыня’, ’дыль’, ст.-нарв. blada ’свіран’ (Бернекер, 1, 682; Брукнер, 289; Слаўскі, 4, 20–21; Талстой, Геогр., 141–142; Арашонкава, Бел.-польск. ізал., 9; Чартко, Бел. лінгв. зб., 147, 149).

Ля́да5 ’абы’ (беласт., ваўк., Сл. ПЗБ). Да леда (гл.).

Ляда́ік, ліда́ік, ліда́ек, ляда́йка, ляда́шка ’сімптом ванітаў, непрыемнае, пакутлівае адчуванне перад ванітаваннем, моташнасць’, ліда́шна, лідаі́шна, ліда́шта ’моташна’, ляда́ча ’млосна, дрэнна’, лядае́к, лядая́к ’цяжка, невыгодна, нязручна’, ляда́ко ’дрэнна’, ляда́ка ’тс’, шчуч. ’непагадзь, вельмі дрэннае надвор’е’ (Мядзв., Мікуц., Касп., Шат., Бяльк., Мат. Маг., Яўс., Сцяшк. Сл., Сл. ПЗБ; бялын., Янк. Мат.). Сюды ж прыметнікі: ляда́кі, ляда́йкі, ляда́ікі ’дрэнны, нізкай якасці; пусты, непаслухмяны, абы-які’, ’паганы, сярдзіты’, ’плаксівы (дзіця)’, ’слабы, нездаровы’, ’брыдкі, непрыстойны, спешчаны’, ’нікуды не варты’ (Булг., Мікуц., Жд. 1, Сцяшк. Сл., Сл. ПЗБ). Запазычана са ст.-польск. leda jak ’абы-як’, якое складаецца з прасл. lěda ’толькі, абы’ (польск. lada > бел. леда) і jako ’як’ > jaki ’які’. Паланізмам лічыў гэту лексему і Шатэрнік (151).

Ляда́к ’лядзяш’ (Сцяшк.). Балтызм. Параўн. літ. ledókas, ledùkas ’кавалачак лёду або граду’. Іншыя бел. назвы ледзяша ўтвораны ад лёд (гл.): лядзя́к, лядзе́нь, ля́дзенне, ле́дзень, ледзяшок ’кавалак лёду, ільдзіна’ (ТСБМ, Бяльк., Юрч. Вытв., Мат. Гом.), ’кавалак лёду, на якім дзеці коўзаюцца, з’язджаюць з горкі’ (Нік., Оч.), лядзі́на ’крыга’ (навагр., З нар. сл.), лядзя́ш ’лядзяк’ (чэрв., Сл. ПЗБ; ТСБМ, Шат., Ян.) ’крыга’ (Ян.), лядзянка, лідзянка ’лядзяш’ (Шатал., Мат. Гом., Мат. Маг.; навагр., З нар. сл.), ’рэшата, дошка або скрынка з абледзянелым дном для катання зімой з горак’ (ТС; гарадоў, Нар. лекс.; лудз., Сл. ПЗБ). Аб суфіксе ‑яш гл. Бел. гр.₂ (1, 237).

Ля́даўка ’яравая пшаніца’ (Касп.). Да ля́да2 (’пшаніца, якую сеюць на лядзе’). Аднак дзякуючы народнай этымалогіі гэта лексема ўспрымаецца як роднасная да лёд, параўн. зэльв. лядоўка ’яравая пшаніца, якую сеюць вельмі рана, пры замаразках’ (Сцяц.).