Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Жада́ць ’хацець нешта зрабіць, зычыць’ (ТСБМ). Рус. дыял. жада́ть ’тс’, укр. жада́ти ’жадаць, дамагацца’, польск. żądać ’тс’, в.-луж. žadać ’дамагацца, хацець’, н.-луж. žedaś ’жадаць’, чэш. žádati, славац. žiadať ’дамагацца, жадаць’, балг. жадувам ’хацець’, макед. жеднее ’тс’, серб.-харв. же́ђати, жѐднети ’моцна хацець’, славен. žéjati ’хацець’. Ст.-слав. жѧдати ’мець смагу; моцна хацець’, ст.-рус. жадати ’тс’. Гэта значэнне замацавалася ў рус. мове за другаснай формай гэтага ж дзеяслова — стараславянізмам жаждаць. У бел. і ўкр. для перадачы такога значэння замацаваўся дзеяслоў прагнуць, прагнути. Гэта адзначыў ужо Бярында (36), перакладаючы жадаю ’прагну’. За дзеясловам жада́ць, жадати асталося значэнне ’моцна хацець’, суадноснае са значэннем рус. желать, якое не мае бел. і ўкр. паралелей, што ўказвае на магчымасць пэўнай семантычнай кантамінацыі. Пры станаўленні значэнняў слова жада́ць на бел. (і ўкр.) мову мела, відаць, уздзеянне польск. żądać, што адлюстравалася ва ўкр. жадати ’моцна хацець, вымагаць’ (як і ў польск.). Апошняе адценне не замацавана ў бел., дзе развілося спецыфічнае адценне значэння ’зычыць, выказваць добрыя пажаданні’. Прасл. *žęd‑ (з насавым інфіксам цяп. ч.) параўноўваецца з літ. gedáuti ’жадаць чагосьці, імкнуцца да чагосьці’, gedė́ti ’імкнуцца, тужыць’, а таксама шэрагам форм і.-е. моў з іншымі ступенямі чаргавання галосных. І.‑е. корань, відаць, *g​hedh‑ ’прасіць, хацець’. Фасмер, 2, 33; Скок, 3, 675; Махэк₂, 721; Брукнер, 663; Покарны, 1, 448. Траўтман (82), Фрэнкель (144) суадносяць літ. словы са слав. *žьdati ’чакаць’, якое ў Покарнага (1, 426–427) трапляе ў іншы корань *gheidh‑ з тым жа значэннем ’жадаць’.

Жадзён ’які церпіць нястачу ў самым неабходным’ (ТСБМ), жа́дны ’прагны, скупы’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. жа́дный, польск. уст. żądny ’прагны’, чэш. уст. žadný ’жадаючы’, в.-луж. žadny ’прагны; нячасты’, н.-луж. žadny, žedny ’пажадлівы, агідны; нячасты’, балг. жа̀ден, жѐден, макед. жеден, серб.-харв. же́дан, славен. žéjen ’прагны’. Як і жадаць (гл.), да прасл. *žęd‑; прыметнік утвораны з суфіксам *‑ьn‑ ад бессуфіксальнага імя *zędъ. Шанскі, 1, Ж, 273; Шанскі, ЭИРЯ, 3, 67; Пятлёва, Этимология, 1970, 213.

Жа́дзіна, жадзёба, жадню́га ’скнара’ (Сл. паўн.-зах.). З рознымі суфіксамі ад асновы жадзён (гл.).

Жа́дны ’ніякі, ніводны’ (ТСБМ), жо́дны ’тс’ (Багушэвіч). Рус. дыял. смал., кур., варонеж., паўд., свярдл. жа́дный, укр. жо́ден, жо́дний, жа́дний, польск. żadny, чэш. žádný, славац. žiaden, żiadny, в.-луж. žadyn, žane, н.-луж. žeden ’тс’. Ст.-бел. жадный, жаденъ (з 1338 г.) ’ніякі’. Выказваецца думка, што ст.-бел. < польск. Гіст. лекс., 91–95; Булыка, Запазыч., 112; Трубачоў, ВЯ, 1959, 1, 28–33; Махэк₂, 721. Апошні лічыць польск. < чэш. у сувязі з адсутнасцю насавога галоснага. Брукнер (660) ставіў пры ўказанні на ўкр. < польск. пытальнік. Сяткоўскі (Bohemizmy Fonetyczne w języku polskim, II, 1970, 25–27) дапускае магчымасць узаемадзеяння ўнутраных і знешніх фактараў пры замацаванні польск. формы, паколькі насавыя засведчаны ў ст.-польск. і славін. Гл. яшчэ Булахаў, Прым., 3, 73–75. Існуюць дзве этымалагічныя версіі паходжання слова: з кораня *žęd‑ (гл. жада́ць, жадзён) або з выразу *ni‑že‑jedьnъ. Агляд іх даў Трубачоў, які прыводзіць шэраг фактаў і паралелей і абгрунтавана схіляецца да другой, звяртаючы ўвагу на ўкр. жо́ден (пра ўкр. слова гл. Бяўзэнка, Доповіді і повідомл., Ужг. ДУ, 4). Паводле Трубачова, безумоўна, характар польск. запазычання мае форма жа́дны. Літ. žė̃dnas ’жадны’ < бел., польск. (Фрэнкель, 1295).

Жазло́ ’посах асобай формы, сімвал улады; палачка ў рэгуліроўшчыка вулічнага руху; стрыжань з дужкай пры рэгуліроўцы руху паяздоў’ (ТСБМ). Рус., укр. жезл., дыял. жезло́, чэш. žezlo, уст. žezl, славац., в.-луж. žezlo, балг. жезъл, макед. жезол, серб.-харв. жѐзло, славен. žêzlo ’тс’. Ст.-слав., ст.-рус. жьзлъ ’посах, жазло’, ст.-бел. жезлъ. Параўн. серб.-харв. же́жељ ’посах, кол’. Лат. ziz(i)ls ’посах’ < ст.-рус. (Пагодзін, Следы, 161; Мюленбах-Эндзелін, 4, 730). Ст.-бел., а таксама шэраг сучасных слав. слоў з сімвалічным значэннем могуць узыходзіць да ст.-слав. Першаснае канкрэтнае значэнне ’посах’ адлюстроўваецца ў ст.-слав. жьзлъ, серб.-харв. жежељ і, магчыма, рус. калым, жезе́л ’посах’. Трубачоў (Зб. Раманскаму, 137–140) супастаўляе са ст.-ісл. geisl ’посах’ (ням. Geissel ’пуга’), а далей з грэч. χίλιοι ’тысяча’. Апошняе семантычна цяжка: ’посах з зарубкамі’ хутчэй мог бы абазначаць дзесятак, сотню, што прызнаў і Махэк₂ (726), адмовіўшыся ад папярэдніх параўнанняў з žehlo (Махэк₁, 594), да якіх, па сутнасці, прыйшоў Младэнаў (165), параўноўваючы жезъл са словамі з коранем *žig‑, і якія падтрымлівае БЕР (1, 531), звязваючы з жегъл (гл. жыга́ла1). Да Трубачова звычайна ст.-сл. жьзлъ параўноўвалі з ням. Kegel ’кол’, што мае фанетычныя цяжкасці, як і этымалогія І. Шмідта, да якой узыходзіць пункт гледжання Трубачова. Фасмер (2, 40) прыхільна аднёсся да параўнання з арм. gzri ’чарот’. Скок (3, 679) не атаясамлівае ў адрозненне ад Трубачова серб.-харв. жѐзло і жежељ, звязваючы апошняе з ц.-слав. жѧжель ’ашыйнік’. Аб žęželь гл. Варбот, Этимология, 1979, 32–34.

Жак ’рыбалоўная прылада’. Рус. дыял., укр. жак ’тс’. Ст.-бел. жак ’тс’ з 1599 г. (Булыка, Запазыч., 113) з польск. żak ’тс’ < ням. Sack ’мяшок, кішэнь’ (Брукнер, 661). Рус. праз бел., укр. з польск. Фасмер, 2, 33. Герм. з лац. saccus ’мяшок, фільтр’ (у рымскія часы) < грэч. σακκος ’грубая тканіна’ < семіцк. saq ’тканіна з валасоў, мяшок’ (Дудэн, 582; Вальдэ-Гофман, 2, 458–459). Такое ж канчатковае паходжанне мае сак ’рыбалоўная прылада; адзенне’ (гл.).

Жаке́й. З рус. жоке́й < франц. jockey, англ. jockey ’тс’. У рус. зафіксавана з першай палавіны XIX ст. (1845 г., у Грыбаедава ў форме жоке). На рус. (а не польск.) крыніцу ўказвае націск. Англ. jockey ад паўн.-англ. або шатландскага ўласнага імя Jock < Jack (Джэк) з памяншальным ‑y (Concise Oxford Dictionary₅, 654). Шанскі, 1, Ж, 295.

Жаке́т ’кароткае жаночае верхняе адзенне’, жаке́тка ’тс’, ’пінжак’ (ТСБМ). З рус. жаке́т ’тс’ (на што ўказвае націск). У рус. зафіксавана жаке́тка (1858 г.), жаке́т (1866 г.), у польск. żakiet, żakietka фіксуецца з 1872, 1882 гг. (Вечаркевіч, SW). Дыял. жа́кят ’тс’ (Сл. паўн.-зах.) з польск. У рус.польск.) з франц. jaquett (1375 г.) — памяншальнага ад jaque ’куртка’ (1364 г.), якую насілі сяляне, таму, магчыма, ад уласнага імя Jacque, частага сярод сялян, ужыванага як мянушка (Блох-Вартбург, 344), або араб. schakk ’куртка’ (Даза, 418). Фасмер, 2, 34; Шанскі, 1, Ж, 273.

Жакі́ ’дзеці, што хадзілі на каталіцкі вялікдзень з вітаннямі і рацэямі па хатах’ (валож., Жыв. сл., 41), ’валачобнікі’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. смал. жак ’вучань, студэнт’, укр. жак ’шкаляр, бурсак’ (Грынч.). Ст.-бел. жакъ ’каталіцкі царкоўны служыцель, шкаляр’ (1423–1438 гг., Булыка, Запазыч., 112–113). З польск. żak ’вучань, царкоўны служыцель’ (з XV ст., Рэчак) < чэш. žak < раманск. (магчыма, паўн.-італ. zago), с.-лац. zaco < лац. diacus < грэч. διάκονος (> дыякон, дзяк, гл.). Брукнер, 661; Фасмер, 2, 34; Голуб-Копечны, 441; Махэк₂, 721; Скок, 3, 670; Безлай, 1, 101.

Жакт ’жыллёва-арэнднае кааператыўнае таварыства, якое існавала ў 20–30‑я гады’ (ТСБМ). Паралельная з рус. жакт або запазычаная з рус. абрэвіятура 20‑х гадоў. Шанскі, 1, Ж, 274. На магчымасць паралельнага ўтварэння ўказвае іншая структура адпаведнай абрэвіятуры на Украіне: житлокооп.