Жазло́ ’посах асобай формы, сімвал улады; палачка ў рэгуліроўшчыка вулічнага руху; стрыжань з дужкай пры рэгуліроўцы руху паяздоў’ (ТСБМ). Рус., укр. жезл., дыял. жезло́, чэш. žezlo, уст. žezl, славац., в.-луж. žezlo, балг. жезъл, макед. жезол, серб.-харв. жѐзло, славен. žêzlo ’тс’. Ст.-слав., ст.-рус. жьзлъ ’посах, жазло’, ст.-бел. жезлъ. Параўн. серб.-харв. же́жељ ’посах, кол’. Лат. ziz(i)ls ’посах’ < ст.-рус. (Пагодзін, Следы, 161; Мюленбах-Эндзелін, 4, 730). Ст.-бел., а таксама шэраг сучасных слав. слоў з сімвалічным значэннем могуць узыходзіць да ст.-слав. Першаснае канкрэтнае значэнне ’посах’ адлюстроўваецца ў ст.-слав. жьзлъ, серб.-харв. жежељ і, магчыма, рус. калым, жезе́л ’посах’. Трубачоў (Зб. Раманскаму, 137–140) супастаўляе са ст.-ісл. geisl ’посах’ (ням. Geissel ’пуга’), а далей з грэч. χίλιοι ’тысяча’. Апошняе семантычна цяжка: ’посах з зарубкамі’ хутчэй мог бы абазначаць дзесятак, сотню, што прызнаў і Махэк₂ (726), адмовіўшыся ад папярэдніх параўнанняў з žehlo (Махэк₁, 594), да якіх, па сутнасці, прыйшоў Младэнаў (165), параўноўваючы жезъл са словамі з коранем *žig‑, і якія падтрымлівае БЕР (1, 531), звязваючы з жегъл (гл. жыга́ла 1). Да Трубачова звычайна ст.-сл. жьзлъ параўноўвалі з ням. Kegel ’кол’, што мае фанетычныя цяжкасці, як і этымалогія І. Шмідта, да якой узыходзіць пункт гледжання Трубачова. Фасмер (2, 40) прыхільна аднёсся да параўнання з арм. gzri ’чарот’. Скок (3, 679) не атаясамлівае ў адрозненне ад Трубачова серб.-харв. жѐзло і жежељ, звязваючы апошняе з ц.-слав. жѧжель ’ашыйнік’. Аб žęželь гл. Варбот, Этимология, 1979, 32–34.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)