Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Дэ́нко ’круглая драўляная накрыўка да бочкі’ (Сцяшк.). Гл. дэ́нка.

Дэ́нтка ’камера веласіпеда’ (Сцяц., Сцяшк., Сл. паўн.-зах.). Запазычанне з польск. dętka ’тс’ (утварэнне суфіксам ‑к(а) ад dęty ’дуты, надуты’).

Дэ́нца ’драўляная дошчачка, на якой крышаць сала, цыбулю’ (Шатал.). Гл. дэ́нка.

Дэпе́ша ’дэпеша’ (БРС). Рус. депе́ша, укр. депе́ша. Запазычанне з ням. Depesche ’тс’ (< франц.) або прама з франц. dépêche ’тс’ (аб гісторыі франц. слова гл. у Фасмера, 1, 499; гл. яшчэ Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 73).

Дэпо́ ’дэпо’ (БРС). Рус. депо́, укр. депо́. Запазычанне з франц. dépôt ’склад’ (< лац. depositum). Гл. Фасмер, 1, 499; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 74.

Дэпута́т ’дэпутат’ (БРС). Ст.-бел. (з XVI ст.) депутатъ. Паводле Булыкі (Запазыч., 92), ст.-бел. слова запазычана з польск. deputat (< лац.). Адносна рус. депута́т думаюць, што яно запазычана або з ням. Deputat (супраць Фасмер, 1, 499), або з с.-лац. deputatus (Фасмер, там жа, мяркуе, што рус. слова можа быць новаўтварэннем). Адносна сучаснага бел. дэпута́т няясна, ці яно працягвае ст.-бел. традыцыю, ці запазычана з рус. Гл. яшчэ Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 75.

Дэ́раш ’конь пэўнай масці’ (БРС), дэ́раш, дэ́рэш ’конь любой масці з прымессю іншага колеру’ (Сл. паўн.-зах.). Паводле Кюнэ (Poln., 51), запазычанне з польск. deresz ’тс’ (< венг. deres; аб польск. слове Брукнер, 87). Сюды і ге́раш ’дэраш (масць каня)’ (Сл. паўн.-зах.) < дʼераш (з менай дʼ > гʼ пры палатальным вымаўленні гука «д»). Гл. яшчэ Слаўскі, 1, 144; MESz, 1, 619.

Дэ́рба ’жанчына высокага росту з тонкімі доўгімі нагамі’ (Жд. 1). Няясна; магчыма, нейкая метафара. Параўн. семантыку слав. слоў у Трубачова, Эт. сл., 5, 219–220 (пад праформамі *dьrba, *dьrbati, *dьrbiti).

Дэ́сань ’узор’ (БРС), дасэ́ні ’ўзор ткання ў выглядзе ромбаў’ (Шат.), дэ́сань (Сл. паўн.-зах.), дысэ́ні (Жд. 1). Ужо Шатэрнік (80) меркаваў, што гэта з польск. deseń (а гэта з франц. dessin; так аб польск. слове і Брукнер, 88). Параўн. і дэсянёвый ’узорысты’ (Шатал.).

Дэсе́рт ’дэсерт’ (БРС). Рус. десе́рт, укр. десе́рт. Першакрыніцай з’яўляецца франц. dessert ’тс’. Запазычанне або прама з франц. (так Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 83), або праз ням. Dessert (< франц.; так Фасмер, 1, 505, які дапускае і прамое запазычанне з франц.)