До́ля. Рус. до́ля, укр. до́ля, польск. dola, славац. doľa, балг. доля. Прасл. дыял. *dolʼa ’тс’. Звычайна звязваецца з і.-е. *del‑ ’аддзяляць і да т. п.’ (Слаўскі, 1, 154–155; Бернекер, 1, 209; Траўтман, 44) і параўноваецца з літ. dalìs ’частка, доля’, dalýti ’дзяліць’, усх.-літ. dalià ’частка’, ст.-інд. dalam ’частка, кавалак’ і г. д. Гл. яшчэ Фасмер, 1, 526. Мартынаў (Лекс. балтызмы, 26–27) лічыць, што доля (бел., укр. і польск. лексемы) — гэта рэзультат пранікнення літ. (усх.-балт.) dalià (г. зн. запазычанне). Паводле Мартынава, даказаць прасл. характар гэтай лексемы цяжка, тым больш што яна не этымалагізуецца на слав. глебе, а літ. dalìs, dalià суадносіцца з дзеясловам dalýti, dalinti.
Дом ’дом’. Прасл. слова; параўн. рус. дом, укр. дім, польск. dom, чэш. dům, серб.-харв. до̑м, балг. домъ́т, ст.-слав. домъ. Прасл. *domъ. Роднасныя формы: ст.-інд. dámas ’дом’, авест. dam‑, грэч. δόμος, лац. domus. Звычайна звязваецца з грэч. δέμω ’будую’, гоц. timrjan ’будаваць’ і г. д. Супраць такой сувязі выступаюць некаторыя лінгвісты. Гл. Фасмер, 1, 526–527; Траўтман, 44; Бернекер, 1, 210; падрабязна, з матэрыялам і літ-рай Трубачоў, Эт. сл., 5, 72–73.
До́мна ’домна’ (БРС). Рус. до́мна, укр. до́мна. У рус. мове ўпершыню адзначаецца ў 1663 г. (у форме домня), а ў сучаснай форме — у творах Пятра I. У формах дъмьница, домница вядома ўжо ў XVI ст. Звязана з дзеясловам дъмѫ дѫти (паводле Шанскага, з дъмати) ’дзьмуць’.
До́нар ’донар’ (БРС). Рус. до́нор, укр. до́нор. Паводле Шанскага (1, Д, Е, Ж, 169–170), магчыма, запазычанне з англ. мовы на пачатку XX ст. Упершыню зафіксавана ў 1931 г. Параўн. англ. donor ’ахвяравальнік, донар’ (< лац.).
Донжуа́н ’донжуан’ (БРС). Рус. донжуа́н, укр. донжуа́н ’тс’. Ад уласнага імя Дон Жуан (Дон Хуан). Літаратурны герой, уведзены ў іспанскую літаратуру Цірса дэ Маліна (Tirso de Molina), ’бессаромны спакуснік’. Гл. Meyers Neues Lexikon, 2. Aufl., Bd. 3. Leipzig, 1972, с. 656a.
До́ня, до́нька ’дачка’ (памяншальныя формы ад дачка́, гл.). Параўн. рус. до́ня, до́нька, до́нюшка ’тс’, укр. до́ня, до́нька, до́нечка ’тс’. Формы гіпакарыстычнага характару з спецыфічным суфіксам гл. Фасмер, 1, 529.
До́раб, даро́бка ’скрынка’ (Нас.). Трубачоў (Слав. языкозн., V, 178) лічыць гэта праславянскім дыялектызмам (*dorbъ), які, акрамя бел. мовы, засведчаны таксама (с. 172) у рус. (дыял. до́роб ’скрынка, сіта’) і ўкр. (дороба́йло ’сіта’). Слав. *dorbъ звязана з літ. darbas ’пляцёнка з лісцяў’, ст.-інд. darbhás ’пучок травы’, dr̥bháti ’звязвае, пляце’. Гл. Фасмер, 1, 530; Трубачоў, Эт. сл., 4, 74. Цікава, што прасл. лексема з вельмі надзейнымі і.-е. сувязямі рэканструюецца ў даным выпадку толькі на аснове ўсх.-слав. даных, што наогул трапляецца не вельмі часта.
До́с ’досыць’ (Касп.). Форма, якая ўзнікла скарачэннем. Гл. до́сыць.
До́сціп ’досціп’ (БРС, Байк. і Некр.), дасці́пнасць ’дасціпнасць’ (БРС). Паводле Кюнэ (Poln., 50), запазычанне з польск. dowcip, dowcipność ’тс’ (Кюнэ, там жа, як аргумент прыводзіць той факт, што гэтыя словы вядомы толькі заходнім славянам; параўн. і чэш. důvtip). Аб польск. словах гл. падрабязна Слаўскі, 1, 158. Няясным, аднак, застаецца фармальны бок запазычання. Бел. формы тыпу до́сціп, дасці́пны і г. д. маглі б зыходзіць да польск. форм тыпу dowścipny, але апошнія засведчаны толькі з тэрыторыі Беларусі (Litwy; гл. Слаўскі, там жа.). Ужо ў ст.-бел. мове засведчаны ўсе вядомыя сёння формы: довтипъ, довтепъ, довтыпъ, довстипъ, довципъ, довтип‑ ный, довтипность (з XVI ст., гл. Булыка, Запазыч., 98–99).