Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вя́пла ’разява, расцяпа’. Запазычанне з літ. vė́pla ’тс’. Урбуціс, Baltistica, 5 (1), 1969, 53; Непакупны, Праблемы філал., 92.

Вяпру́к ’кабан’ (БРС, Мал., Шн., Нас., Бяльк., Сцяшк. МГ); ’кастрыраваны кабан’ (Інстр. II, ДАБМ, 885); ’парсюк, дзікі парсюк, дзік’ (Сцяшк. МГ). Да пашырэння слова вяпру́к ’пакладаны кабан’ і роднасных форм (вапе́р, япру́к і інш.) гл. ДАБМ, карта № 292. Форма вяпру́к вядома на значнай частцы беларускай тэрыторыі ў гаворках і пранікла ў літаратурную мову. Параўн. яшчэ рус. дыял. (смал.) вапер, ваперь, вепирь, вапрюк ’тс’ (СРНГ). Слова гэта праславянскае (*veprь; параўн. рус. вепрь, укр. вепр, ве́пер, польск. wieprz, чэш. vepř, ст.-слав. вепрь, балг. ве́пър, серб. ве̏пар і г. д.). Непасрэдна *veprъ адлюстроўваецца ў бел. вапе́р, вя́пер, ве́пер (гл., там і этымалагічныя версіі). Да вяпру́к; параўн. яшчэ Мартынаў, Лекс. Палесся, 8.

Вярабя́к ’верабей’ (шчуч., З нар. сл.). Да верабей (гл.). Суф. ‑як узнік, магчыма, пад уплывам літ. ‑iùkas: žvirbliùkas, žvirbliū́kštis ’верабейка’.

Вярба́ ’расліна, Salix L., Salix alba L., Salix fragilis L.’ (БРС, Кіс., Яруш., Бяльк., Касп., Гарэц.), вэрба́ ’вярба’ (Бес.), укр. верба, рус. верба ’тс’, астрах, ’назва любога дрэва’, польск. wierzba, каш. věřba ’вярба’, н.-луж., в.-луж. wjerba, чэш. vrba, славац. vŕba, славен. vŕba, серб.-харв. вр́ба, макед. врба, балг. върба ’вярба’, ст.-слав. врьба, врьбиѥ. Прасл. vьrbá ’лаза, гнуткая расліна’. Да першаснага значэння параўн. такія формы, як вербалоз і інш. Прасл. лексема роднасная да літ. vir̄bas ’дубец, сцябло, лазіна’, лат. vir̂bs ’палачка’, прус. wirbe ’канат, ліна’, грэч. ραπίς, ράβδος ’дубец’, лац. verbēna ’дубцы лаўра’, verbera ’дубцы, якімі секлі, каралі’, ст.-в.-ням. rëba ’вінаградная лаза’. Узыходзіць да і.-е. *u̯erbes < u̯er‑ ’гнуць, віць’ (Траўтман, 360). Гл. яшчэ Праабражэнскі, 1, 72; Міклашыч, 383; Мюленбах-Эндзелін, 4, 602; Вальдэ, 819; Брукнер, 617; Скок, 3, 620; Фасмер, 1, 293; Младэнаў, 91; БЕР, 1, 208; Шанскі, 1, В, 54–55. Махэк₂ (699) і КЭСРЯ (74) лічаць vьrbá суфіксальным утварэннем, дзе ‑ba надае значэнне зборнасці. Аб суфіксе ‑ba гл. яшчэ Мартынаў, Дерив., 16–19. Сюды ж ніц., гродз., гом. вербалоз ’вярба казіная’, маг., гродз. ’вярба пяцітычынкавая’ (Кіс.), вярбо́вы (БРС, КТС, Шат.).

Вярба-брэднік ’вербалоз, казіная вярба, Salix caprea L.’ (маг., Кіс.). Да вярба і брэд2, бро́днік (гл.).

Вярбе́ж ’зараснік маладой вярбы, Salix L.’; ’моцны вецер і халады ў вербную нядзелю’ (слаўг., Яшк.). Да вярба́ (гл.). Выкарыстанне суф. ‑еж тут спарадычнае: звычайна ён далучаецца да дзеяслоўных асноў (Бел. гр., 1, 102).

Вярбе́ль ’верабей’ (Інстр. II). Відазмененае польск. wróbel ’верабей’ (параўн. бел. мін. карва́ць замест краваць ’ложак’).

Вярбе́льнік ’птушкамлечнік парасоністы, Ornithogalum umbellatum’ (віц., Кіс.; Крывіч, 4, 1923). Відавочна, з *вярбейнік; параўн. рус. вербейник ’лазаніца, Lysimachia L.’ Да вярба́ (гл.). У іншых слав. мовах таксама ёсць шматлікія назвы раслін, якія паходзяць ад vьrbá; параўн. польск. wierzbownica ’скрыпень, Epilobium’, wierzbówka, в.-луж. wjerbka ’тс’, wjerbinka ’лазаніца’, wjerbička ’стрэя’, чэш. vrbice ’драсён, Polygonum L.’; ’скрыпень, Epilobium L.’, славац. vrbica ’чальчак, Lythrum L.’, макед. врбовка, серб.-харв. vŕbovica, славен. vŕbovec ’скрыпень, Epilobium L.’, балг. върбовница ’драсён земнаводны, Polygonum amphibium L.’, върбовка ’скрыпень’; ’фарбоўнік, Isatis tinctoria L.’, върбовник ’лазаніца звычайная, Lysimachia vulgaris L.’ і інш.

Вярбі́на (разм.) ’вярба’; ’дрэва вярбы’ (БРС, Шат., Касп.). Утворана ад вярба (гл.) і суф. ‑іна са значэннем адзінкавасці.

Вярбі́шнік ’кізляк, наумбургія гронкакветкавая, Naumburgia thyrsiflora (L.) Rchb.’ (маг., Кіс.); ’звычайная лазаніца, Lysimachia vulgaris L.’ (маг., Кіс.), рус. верби́шник ’дзіванна звычайная, Verbascum thapsus L.’ Да вярба́ (гл.). Лексема ўтворана пры дапамозе суф. ‑іш‑нік. Магчыма, гэта запазычанне з рус. мовы.