Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Біньдю́ра ’пазалочаная папера’ (Мядзв.). Мядзв. (там жа) лічыць, што гэта скажонае слова бордюра (параўн. рус. бордю́р, бордю́рка ’шляк’, гл. Шанскі, 1, Б, 167).

Бі́ржа1 ’біржа’. Рус. би́ржа (раней і бирж), укр. бі́ржа. Крыніцай гэтых слоў з’яўляецца гал. beurs або ням. Börse ’тс’ < франц. bourse ’кашалёк; біржа’ (а гэта ад фаміліі купцоў van der Burse). Гл. Фасмер, 1, 166; Шанскі, 1, Б, 122.

Бі́ржа2 ’высокая жанчына’. Гл. біржа́к.

Біржа́к ’той, хто займаецца лёгкім возніцтвам’ (Шат.). Параўн. рус. биржа́к ’тс’, биржо́вщик, би́ржешник. Ад би́ржа1 (гл. Даль). Адсюль пераносна біржа́к ’высокі, сухарлявы чалавек’ (Бяльк.), ад якога ўтворана бі́ржа ’худая, высокая’ (Бяльк.).

Бі́рка. Рус. би́рка, укр. би́рка ’тс’. Этымалогія слова не вельмі ясная. Выводзяць з ст.-рус. биръ ’подаць, налог’ (Праабражэнскі, 1, 26; Бернекер, 57). Іншыя думаюць пра запазычанне з дац., нарв. birk ’бяроза’ (Зяленін, ZfslPh, 2, 207 і інш.). Корш (AfslPh, 9, 491) і Міклашыч (Türk. El. Nachtr., 1, 15) лічылі запазычаннем з цюрк. bir ’адзін’ і iki ’два’. Параўн. ст.-бел. бирка ’бірка, жэрабя’ (XVII ст.), якое Булыка (Запазыч.) выводзіць з ст.-польск. birka. Сюды адносіцца і бірка ’палачка, ужытак замест гузіка’ (Юрч.).

Бірко́вы ’танкарунны (аб авечках)’ (Влад.). Бясспрэчна, звязана з укр. би́рка, би́рька ’авечка’ і выклічнікамі, якімі завуць або адганяюць авечак: укр. бир, бирь‑бирь, рус. бы́рка ’авечка; авечая шкура’, быр‑быр, бырь‑бырь (выклічнік). Слова гэта не зусім яснага паходжання, ёсць у многіх мовах. Параўн. рум. bircă, bîrcă, bercă і г. д. ’парода авечак’, bîrcă‑bîrcă (выклічнік), венг. birka ’авечка’, чэш. birka, burka, bira ’парода авечак’. Таксама выклічнік вядомы ў многіх мовах. Да этымалогіі і магчымай гісторыі слова гл. Махэк₂, 54 (у аснове ляжыць выклічнік); Рудніцкі, 124; Кніежа, 92; Тамаш, 117–118; MESz, 1, 304–305. Врабіе (RornSl., XIV, 136) непераканаўча бачыць крыніцу ўсх.-слав. выклічніка ў рум. bîr, bîrr (супраць гэтага геаграфія слова). Да праблематыкі пытання параўн. яшчэ Клепікава, Паст. терм., 54–59; Губшмід, Этимология, 1967, 245–246.

Біруза́. Рус. бирюза́, укр. бірюза́. Лічыцца запазычаннем з тур. мовы (тур. piruzä, fīrūza < перс. pīrōze; Локач, 49; Дзмітрыеў, Тюрк. эл., 38; Фасмер, 1, 167–168).

Бірук ’воўк’ (Інстр. II, Нас.). Рус. бирю́к. Запазычанне з цюрк. моў (параўн. тат. büri, ст.-цюрк. böri, казах. börü і г. д.); першакрыніца — іран. мовы. Праабражэнскі, 1, 26; Фасмер, 1, 168; Шанскі, 1, Б, 123 (там і іншая літ-pa і некаторыя новыя меркаванні). Пераносна ’сугней, нелюдзім’ (Касп.), ’злодзей’ (Нас.).

Біру́лька. Рус. бирю́лька, укр. бирю́лька. У бел. мове біру́лька азначае розныя драўляныя вырабы (напр., ’невялікая палачка, якая ўжывалася замест гузіка’; ’драўляная частка ў плузе’ і г. д.). Слова цёмнага паходжання. Гараеў (17) лічыў, што яно ўтворана ад дзеяслова браць (таксама Шанскі, 1, Б, 123–124). Фасмер (1, 168) сумняваецца. Вельмі цікавую версію аб запазычанні з цюрк. моў вылучыла Мяркулава, Этимология, 1971, 185–190.

Біру́ля ’костка з абрэзанага свінога кумпяка’ (Сцяшк. МГ). Таго ж паходжання, што і біру́лька (гл.). Параўн. рус. бирю́лька ’частка нагі’. Матывацыю гл. у Мяркулавай, Этимология, 1971, 185–190.

Біс, вызываць на біс. Рус. бис, укр. біс. Запазычанне з франц. bis (< лац. bis ’двойчы’). Фогарашы, SSlav., 3, 413–416. Гл. яшчэ Трубачоў, Дополн., 1, 168; Шанскі, 1, Б, 124.