Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Бі́блія. Рус. би́блия, укр. бі́блія, би́блія. Старое запазычанне з лац. biblia ’тс’ < грэч. βιβλία (мн. ад βιβλίον ’кніга’, па назве. г. Біблос, адкуль грэкі імпартавалі папірус). Фасмер, 1, 164; Шанскі, 1, Б, 116. Ст.-бел. библия, библея (Булыка, Запазыч.).

Бібліятэ́ка. Рус. библиоте́ка, укр. бібліоте́ка. З лац. (магчыма, праз польск.) bibliotheca < грэч. βιβλιοθήκη (да βιβλίον ’кніга’ і θήκη ’склад, сховішча’). Фасмер, 1, 164; Шахскі, 1, Б, 115; Кузняцоў, ЭИРЯ, 1, 39–45. Ст.-бел. библиотека, быблиотека (Булыка, Запазыч.).

Бі́бул ’картон’ (Арх. Бяльк., слонім.), бібу́ла ’прамакальная папера’ (Сцяц.). Укр. бібу́ла ’абгортачная папера’. З польск. bibuła ’від грубай паперы, якая ўцягвае ў сябе вільгаць’ (а гэта з лац. bibula да bibere ’піць’, гл. Варш. сл., 1, 145; Брукнер, 25). Ст.-бел. бибула ’тонкая абгортачная папера’ (XVII ст., Булыка, Запазыч.).