Біч. Рус. бич, укр. бич, польск. bicz, чэш. bič, ст.-слав. бичь, балг. бич, серб.-харв. би̏ч і г. д. Прасл. bičь ’тс’. Утварэнне суфіксам *‑č‑ ад дзеяслова biti ’біць’. Бернекер, 56; Фасмер, 1, 169; Слаўскі, 1, 31; Махэк₂, 53. Ад біч вытворныя: бічу́г, бічу́к ’біч, пуга’ (Бяльк.), бічу́к ’частка цэпа, якой б’юць па снапах’ (Нас.).
Біча́йка 1 ’накрыўка дзежкі’ (Юрч.), ’абячайка, лубок у рэшаце’ (Нас., Касп., Бяльк.), ’вобад у бубне’ (Бяльк.). Таго ж паходжання, што і абе́чак (гл.). Фанетыка слова палеская (*ě > i, параўн. Краўчук, УМШ, 1960, 6, 61–62). Сюды адносіцца і біча́й ’круглая дзірка ў верхнім ручным камені жорнаў’ (Касп.).
Біча́йка 2 ’вузкая незасеяная палоска каля палявой дарогі’, біча́й ’бераг лужка, аборка’ (Юрч.). Метафарычнае ўжыванне слова біча́йка 1 (гл.), якое ў гаворках значыць і ’вобад’ (> ’край’).
Біча́ўнік, бічо́ўнік луг наўсцяж ракі’ (Яшкін), параўн. бічаўні́к ’бераг, берагавая паласа; паласа адчужэння паабапал дарогі, шашы, шляху’ (Яшкін), бічаві́к ’паласа адчужэння паабапал дарогі’ (Юрч.), бічаві́на, бічава́я ’тс’, параўн. яшчэ біча́й ’бераг лужка, аборка’, біча́йка ’вузкая незасеяная палоска каля палявой дарогі’ (Юрч.). Усё да абеча́йка (гл.) і яе форм (гл. пад біча́йка, там і літ-pa). Такія значэнні, як ’луг наўсцяж ракі’, — яўна другасныя (праз ’паласа…паабапал…’). Параўн. яшчэ бычовны́к.
Бічо́ўка ’вяроўка’ (Бяльк.), ’частка цэпа, якой б’юць па снапах’ (Касп.), бічэ́йка ’тонкая вяровачка’ (Бяльк., Нас.). Рус. бече́вка, бечева́, бичева́, бичёвка і г. д., укр. бечівка. Няяснае слова. Агляд версій гл. Фасмер, 1, 162; Шанскі, 1, Б, 112.