Прыпо́рыска (прыпо́рыско) ’прыстанішча, прытулак’ (гродз., Жыв. сл.). З польск. przyporzysko ’тс’, ад przyprzeć, przypierać ’цесна прылягаць; прытуляцца’.
Прыпра́віць ’пакласці прыправу; дадаць што-небудзь; прыладзіць, прымацаваць’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр.), ’прыгатаваць’ (шальч., Сл. ПЗБ), прыпра́ўка ’прыробка; прыладжванне, прымацоўванне’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), ст.-бел. прыправити ’падрыхтаваць, зрабіць’. Рус. приправля́ть, припра́вить ’дадаваць (у ежу)’; ’выконваць разнастайныя работы па гаспадарцы’; ’майстраваць, прыладжваць’, укр. припра́вити ’прымацаваць, прыладзіць’; ’прыправіць’, польск. przyprawić ’прыладзіць, прымацаваць; прыправіць ежу’, чэш. připraviti ’падрыхтаваць; уладкаваць’, славац. pripraviť ’тс’, серб.-харв. припра́вити, славен. pripraviti ’тс’, балг. припра́вям ’дадаваць (у ежу)’. Прыставачны дэрыват ад *praviti, гл. пра́віць 1, г. зн. ’падрыхтоўваць як належыць’. Усходнеславянскія і польскія значэнні агульнаславянскага дзеяслова семантычна проціпастаўлены паўднёваславянскім і славацкаму.
Прыпра́дак ’нітка, якая парвалася пры прадзенні і якую прыпралі зноў’ (рас., Шатал.). Рус. наўг. припря́дки ’месца злучэння парванай ніткі ў пражы, брак’. Да прыпра́сці, прыпраду́ < пра́сці (гл.).
Пры́прат ’спрат, сховань’ (навагр., Сл. ПЗБ). Вытворнае ад *прыпратаць < пратаць (гл.). Параўн. спрат (гл.).
Прыпро́с ’запрашэнне’: без прыпросу зʼяжджаліся госці (Стан.). Нулявы дэрыват ад прыпрасі́ць < прасі́ць.
*Прыпро́хуваць, прыпро́хувати ’частаваць’ (драг., Клім.). Укр. припро́хувати, припроха́ти ’ўпрошваць, упрасіць, угаварыць; частаваць, пачаставаць’. Гл. праха́ць.
Прыпрэ́жка, пры́пражка ’далучэнне да раней запрэжаных жывёл’; від запрэжкі каня: збоку ад аглабель для дапамогі каранніку; прыпражны конь’ (Нас., Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., ТСБМ; віл., Сл. ПЗБ), прыпрэ́жный ’прыпражны’ (Бяльк.). Да прыпрагаць, прэфіксальнага дзеяслова ад прасл. *pręgǫ, pręgti (гл. упрэ́гці). Аналагічныя вытворныя і ў іншых славянскіх мовах, параўн. рус. дыял. припря́жний ’прыпражны’, укр. припря́жений ’тс’.
Прыпу́ннік ’прыбудова да пуні’ (Касп., Інстр. 2), Тв. скл. припуньком ’камора ў пуні’ (Анім. дад.). Рус. дыял. зах. припу́нник ’прыбудова да хаты, пуні для дроў, мякіны і да т. п.’. Конфікснае пры‑ + ‑нік утварэнне ад пуня (гл.) або ад прыметніка *прыпунны з суфіксам ‑ік.
Прыпуска́ч ’кіёк, адзін канец якога ўсаджаны ў дзірку навоя і не дае навою круціцца’ (в.-дзв., Шатал.), прыпускні́к ’доўгая палка, якой нацягваюць ніткі асновы’ (віл., Жд. 1), прыпу́снік, пріпу́снік, прыпу́сьнік, прыпуска́льнік, прыпушча́льнік ’кій (клін), які ўтрымлівае кола (пярэдняга) задняга навоя’ (Нік. Очерки, Касп., Сл. ПЗБ; ушац., леп., малін., гарад., ЛА, 4). Параўн. рус. наўг. припуска́ть ’намотваць палатно на пярэдні вал (пры тканні)’, укр. припуща́льник ’шасцярня ў коле пярэдняга навоя ў кроснах’. Вытворныя з рознымі суфіксамі ад прыпуска́ць < пуска́ць.
Прыпу́тнік, трыпу́тнік ’падарожнік, Plantago major, Plantago lanceolata’ (Мядзв., Яруш.). Рус. припу́тник, укр. при́путень ’тс’. Дэрыват ад прыметніка *прыпу́тны ’той, які расце пры дарозе’. Да пуць (гл.). Параўн. трыпу́тнік (гл.).