Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Зо́рыць ’глядзець’, за́рыцца ’квапіцца, заглядацца на чужое’ (маг. віц., Шат.; Мат. Маг.; З нар. сл.; Шатал.; Нар. сл.). Рус. за́риться ’заглядацца’, пск., маск., сіб. зар́ить ’глядзець, шукаць вачыма’, дыял. зо́рить ’глядзець, сачыць, наглядаць’, укр. зори́ти ’глядзець, сачыць вачыма’, зари́ти ся ’заглядацца’ (Жэлях.). Славен. zóriti ’глядзець, сачыць вачыма’. Таго ж кораня, што зрок, зрэнкі, але з іншай ступенню чаргавання галоснага (zьr‑/zor‑; параўн. узор, надзор). Прасл. корань zьr/zor‑ узыходзіць да і.-е. *gʼher‑ ’прамянець, блішчаць’: літ. žerė́ti ’блішчаць’; параўн. зара. Фасмер, 2, 104; Траўтман, 366; Покарны, 1, 441–442; Варбат, Этимология, 1980, 32. Семантычны пераход ’глядзець’ — ’квапіцца, заглядацца на чужое’ прадстаўлен у зайздросціць, рус. видетьзавидовать і інш. Супрун, Полесье и этногенез славян, 1983, 61.

*Зра, зря ’дарма’ (Бяльк.). З рус. зря ’тс’ (гл. Шанскі, 2, З, III) — дзеепрыслоўе ад зреть ’глядзець’ (гл. зрэнкі, зорыць).

Зраз ’прышчэпак’ (Жыт., Нар. словатв.). Як і ўст. укр. зраз ’тс’ (Грынч.), з польск. zraz ’тс’, дзе ўзводзіцца да raz (Брукнер, 454), г. зн. да кораня рэзаць з прэфіксам z‑. Гл. зразы.

Зра́зы ’гатунак катлет’. Як і рус. зразы, укр. зра́зи, чэш. zraz ’тс’ з польск. zrazy ’тс’, дзе ўзводзіцца, як і zraz (> зраз, гл.), да raz‑ (корань рэзаць). Параўн. славен. zrézek ’шніцэль’ з аналагічнай унутранай формай, верагодна, калькіруючай ням. Schnitzel.

Зрані́ць, зро́ніваць ’заўчасна нарадзіць нежывое дзіця’ (Нас.). Рус. валаг. изроня́ть ’страціць’, вяцк. изрони́ть ’пражыць у бядзе’, укр. зрони́ти ’не ўтрымаць, упусціць’, ’сказаць’, польск. zronić ’упусціць’, ’нарадзіць заўчасна’, чэш. zroniti ’змачыць (слязьмі, потам)’, славац. zroniť ’скінуць уніз, забіць’, в.-луж. zronić ’упусціць’, н.-луж. zroniś ’упусціць, рассыпаць’, серб.-харв. изро̀нити ’выйсці з-пад вады на паверхню’, ’выйсці на свет’, ’узнікнуць’, ’праліць, прасыпаць’, балг. изо̀нвам (се) ’крышу́ на дробныя часцінкі’, ’падаю (пра лісце, пот, зерне, слёзы)’, макед. изрони ’тс’. Ст.-рус. изронити ’дазволіць упасці, утраціць’ (XII ст.). Прасл. jьz‑ron‑i‑ti верагодна, мела значэнне ’ўпусціць, праліць, прасыпаць’, якое развілося ў бел., польск. да значэння ’нарадзіць заўчасна’ (аналагічнае развіццё ў выкінуць).

Зрачы́, зраку́ць (3 ас. мн. л.), зрок (прощ. ч. адз. л.) ’пашкодзіць дурным вокам, сурочыць’ (Сл. паўн.-зах.). Укр. уст. зречи́ ’сказаць’, зректи́ся ’адракацца’, польск. zrzec się ’адмовіцца, адрачыся’, чэш. zříci se ’тс’, славац. zriecť sa ’тс’, в.-луж. zrěčėć ’пагутарыць, абмеркаваць, дамовіцца’, славен. izréči ’выгаварыць, выказаць’, серб.-харв. изрѐћи, ѝзрећи ’выказаць, аб’явіць’, макед. изрече ’тс’. Ст.-слав. издрешти ’выказаць’. Ст.-рус. изречи ’тс’ (XI–XII стст.). Бел. дыял. зрачы, верагодна, з jьz‑rek‑ti (корань rek‑, гл. рэч) мае асаблівае семантычнае развіццё: відаць, jьz‑rek‑ti ’выказаць’ азначала ’выказаць словы, што могуць пашкодзіць’ (параўн. таго ж кораня сурочыць), а потым наогул ’зрабіць шкоду без фізічнага ўздзеяння’.

Зрок ’здольнасць бачыць; погляд’. Чэш., славац. zrak ’тс’, славен. zrȃk ’паветра, прамень’, серб.-харв. зра̑к ’паветра’, зра̑к, зра̏ка ’прамень, святло’, балг. зрак ’прамень, святло’ перан. ’зрок’, макед. зрак ’прамень, святло’, дыял. ’погляд’. Ст.-слав. зраkъ ’зрок’. Ст.-рус. зракъ ’выгляд, вобраз; зрок’. Рус. зрак > зрачок Фасмер (2, 105) лічыць стараславянізмам, прыводзячы ўсх-слав. форму зорок; Шанскі, 2, З, 109. Тады зрок трэба лічыць паланізмам, які адлюстроўвае польск. літ. wzrok ’здольнасць бачыць, погляд’, уст. ’вока’. Пачатковае w‑ магло быць утрачана ў бел., калі ўлічваць взрокъ у Скарыны, у Александрыі (Булыка, Запазыч., 62). Але і ў ст.-польск. была форма zrok (Рэчак), якая і магла адлюстравацца ў бел. літ. форме. Корань той самы, што зрэнкі, зара, зарыць (гл.). Копечны, Zákl. zásoba, 429–30.

Зрудлі́нка ’крынічка’ (Сл. паўн.-зах.). Памянш. ад зрудла < польск. źródło ’крыніца’. Гл. жарало.

Зру́чны. Рус. сру́чныи ’зручны, спрытны’ (Даль), укр. зру́чний ’зручны’, польск. zręczny ’спрытны, зграбны’, чэш. zručný ’спрытны, зручны’, славац. zručný ’спрытны’, в.-луж. zručny ’тс’, балг. сръчен ’спрытны’. Ст.-рус. (XI ст.) сърѫчание ’ўзнагарода, дар’. Прасл. sъ‑rǫč‑ьn‑. Паводле Мартынава–Міхневіча (Маладосць, 1969, 7, 150), прыметнік утворан са спалучэння з рукі. Паколькі слова прадстаўлена ва ўсіх групах слав. моў, у гэтым выпадку зыходны выраз sъ(n) rǫky павінен быць аднесен да прасл. перыяду. Аб корані гл. рука.

Зрын ’зрок’ (лід., Сл. паўн.-зах.). Прыклад «зрын яго ні свеціць, ніскі на вочы» не даказвае тоеснасці значэння зрынзрок. Утварэнне з таго ж кораня, але з нетыповым афармленнем (суфіксацыяй ‑inъ, ‑ynъ?); параўн. дрын, плын. Параўн. яшчэ зрынка́ты ’зіркаты’ (Сцяшк.).