Разразні́ць (разразьні́ць) ’раздзяліць што-небудзь на часткі’, ’прымусова разлучыць некалькі асоб’ (Янк. 1). Ад ро́зніца 2 (гл.), магчыма, пад уплывам рэ́заць.
Разра́яць ’разлучыць, развесці’ (Сцяшк. Сл.). Ад раз- са значэннем дзеяння, супрацьлеглага папярэдняму, і ра́іць (гл.), як антонім да пара́іць, нара́іць (я на месцы і з’яўляецца вынікам моцнага якання).
Разры́нуцца (разри́нуцьца) ’разваліцца, седзячы або лежачы’ (Нас., Гарэц.), ’растаўсцець’ (Нас.). Сюды ж, відаць, розруні́цца ’зрабіцца тоўстым, раздацца’ (ТС), у такім выпадку, магчыма, да руні́цца ’усходзіць, зелянець’, што да руно́ ’густая рунь’ (ТС).
Разры́ўка ’занятак’ (брасл., парад., Сл. ПЗБ), ’забаўка’, ’разрыў’ (Нас., Шн. 2), разрыва́ць ’забаўляць’ (Нас.). З польскага rozrywka ’забаўка, пацеха’. Сюды ж і разры́ў ’перапынак у працы’ (дзятл., Сл. ПЗБ). Хаця не выключае, што гэта самастойнае ўтварэнне.
Разры́ўнік ’жывучка’, ’гарлянка’ (Касп.), разры́ў ’расліна гарлянка, Ajuga reptans L.’ ’тс’ (Кіс.), рус. дыял. разрыв‑трава. Ад рва́ць, разрыва́ць, паколькі расліна лічылася чароўнай травой, ад якой замкі і запоры распадаюцца і скарбы адмыкаюцца (Бел. міф., 421). Пра паўднёваславянскія адпаведнікі (серб. расковник ’тс’) гл. Мароевіч, ЗФЛ, 21/1, 220–223.
Разрэ́піцца ’распаўнець, патаўсцець’ (Сцяшк. Сл.). Ад рэ́па, праз параўнанне стаць тоўстым, як рэ́па. Не выключана сувязь з рэпацца ’трэскацца, лопацца’ (гл.) з развіццём значэння ’стаць тоўстым, аж лопацца’.
Разсо́хі ’сошкі (апоры) на бэльках’ (ЛА, 4). Утворана ад со́хі, со́шкі (гл.) з дапамогай прыстаўкі раз-, якая нясе ў сабе семантыку разгалінавання, раздваення.
Разста́й ’скрыжаванне’ (Яруш.). Утворана ад расстава́цца, як звы́чай ад звыка́цца.
Разу́мны ’надзелены розумам’ (ТСБМ; астрав., мін., Сл. ПЗБ; Бяльк., Мал.), ’разважлівы, кемлівы, надзелены жыццёвай мудрасцю’ (ТСБМ), разу́мец ’разумнік’ (Янк. 2), ’той, хто хваліцца сваім розумам’ (Янк. 1), разуме́ц ’сталы, разважлівы чалавек’ (Сцяшк.), разу́мнік ’хітры чалавек’ (Сцяшк.), ’мудрэц, хітрэц’ (Бяльк.), разумо́к ’дзіця, якое па-даросламу разважае’ (Інстр. 3), ’мудрэц, хітрэц’ (Юрч.), разумо́чак ’мудрэц, хітрун’ (Юрч. СНЛ), разуму́та іран. ’разумніца’ (лаг., Гіл.). Ад ро́зум (гл.).
Разура́тнічаць, разура́тываць, разура́тывацца ’сваволіць, распуснічаць’ (Юрч. СНЛ), сюды ж разура́тны ’непаслухмяны’, ’бойкі, разбітны’, ’распусны’ (Ян.). Запазычана з рус. развра́тничать ’распуснічаць’. Параўн. розвора́тні, розвора́тны ’бязладны’ (ТС) з поўнагалоссем (гл.).